Целаахоўнік, сілавік, ратавальнік. Каго прызначалі міністрамі спорту ў Беларусі
5 сакавіка Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага міністра спорту. Ім стаў 49-гадовы Сяргей Кавальчук — кадравы вайсковец, а з 2004 года — супрацоўнік прэзідэнцкай Службы бяспекі.
Сяргей Кавальчук — дзявяты міністр спорту ў гісторыі незалежнай Беларусі. Еўрарадыё вырашыла паглядзець, каго прызначалі на гэтую пасаду і ці мелі гэтыя людзі досвед працы ў спартовай сферы.
№9. Сяргей Кавальчук. Целаахоўнік
Прызначаны міністрам спорту 5 сакавіка 2018 года.
Па адукацыі — вайсковец. У 1989 годзе скончыў Адэскую вышэйшую артылерыйскую камандную вучэльню, у 1999-м — Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь. З 1989 па 2004 год служыў ва Узброеных сілах. З 2004 па 2018 год — супрацоўнік Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі.
№8. Аляксандр Шамко. Ратавальнік
Міністр спорту і турызму з 31 кастрычніка 2012 года па 15 лютага 2018 года.
З 1987 па 1989 год служыў у войску, пасля працаваў ратавальнікам і займаў розныя пасады ў МНС. З 2008 па 2012 год, то бок наўпрост да прызначэння міністрам спорту, быў намеснікам міністра па надзвычайных сітуацыях.
Аляксандр Шамко пратрымаўся ў крэсле міністра спорту даўжэй за ўсіх — больш за 5 гадоў.
№7. Алег Качан. Выпускнік сельгастэхнікума, выкладчык фізкультуры
Міністр спорту і турызму з 26 чэрвеня 2009 года па 28 кастрычніка 2012 года.
У 1986 годзе скончыў Смілавіцкі сельгастэхнікум, у 1992 — педінстытут у Брэсце па спецыяльнасці “фізічнае выхаванне”. Пасля працаваў трэнерам у дзіцяча-юнацкіх спартовых школах. У 1998 годзе перакваліфікаваўся ў чыноўнікі. Перад прызначэннем міністрам спорту быў намеснікам старшыні Лагойскага райвыканкама і начальнікам упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мінскага аблвыканкама.
№6. Аляксандр Грыгараў. Спартовы функцыянер
Міністр спорту і турызму ў 2005 — 2009 гадах.
Пасля службы ў войску працаваў на розных пасадах у добраахвотным сельскім спартовым таварыстве “Ураджай”. Скончыў інстытут фізкультуры і вышэйшую партыйную школу ў Мінску. З 1996 па 2003 год працаваў намеснікам міністра спорту і турызму, пасля перайшоў на працу ў Выканкам СНД, а ўжо адтуль — у ліпені 2005 года — вярнуўся ў спартовае ведамства міністрам.
№5. Юрый Сівакоў. Сілавік
Міністр спорту і турызму ў 2003 — 2005 гадах.
Кадравы вайсковец. У 1966 годзе скончыў Далёкаўсходнюю вышэйшую танкавую вучэльню, у 1977 — камандны факультэт Ваеннай акадэміі бранятанкавых войскаў, у 1995 — Акадэмію кіравання ў Мінску. У 1999 — 2000 гадах быў міністрам унутраных спраў — пры ім у 1999 годзе без звестак зніклі палітыкі Юрый Захаранка, Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Непасрэдна перад прызначэннем у Міністэрства спорту працаваў намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.
№4. Яўген Ворсін. Слесар і хакеіст
Міністр спорту і турызму з красавіка 1999 па студзень 2003.
Пачаў працоўны шлях вучнем слесара на машынабудаўнічым заводзе ва Ульянаўску, пасля працаваў слесарам будаўніча-мантажнай управы ў Апатытах. У 1971 годзе, пасля службы ў войску, скончыў інстытут фізкультуры ў Мінску і стаў хакеістам. Гуляў за “СКІФ Мінск” у чэмпіянаце БССР і “Тарпеда Мінск” у другой лізе чэмпіянату СССР. Пасля — праз спартовае ўпраўленне Міністэрства адукацыі — стаў міністрам спорту.
Яўген Ворсін — адзіны міністр спорту Беларусі, які да прызначэння быў прафесійным спартоўцам.
№3. Мікалай Ананьеў. Рабочы, трэнер і чыноўнік
Міністр спорту і турызму ў 1998 — 1999 гадах.
Першае месца працы — рабочы вагоннага дэпо. Пасля — служба ў войску і праца на чыгуначнай станцыі “Асіповічы”. З 1971 года працуе ў спартовай сферы: трэнерам па баскетболе і загадчыкам камітэта па фізкультуры і спорце пры Асіповіцкім райвыканкаме. У 1975 Ананьеў скончыў інстытут фізкультуры ў Мінску, у 1989 — сельскагаспадарчую акадэмію. Непасрэдна перад прызначэннем міністрам спорту працаваў памочнікам прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму.
№2. Уладзімір Макейчык. Слесар і чыноўнік
Міністр спорту і турызму ў 1997 — 1998 гадах.
У 1966 годзе працаваў слесарам на Мінскім прыборабудаўнічым заводзе. Пасля скончыў інстытут фізкультуры і вышэйшую партыйную школу. З 1971 года працаваў трэнерам, камсамольскім функцыянерам, знаходзіўся на дзяржслужбе ў Міністэрстве асветы БССР, Савеце міністраў БССР. Перад прызначэннем у Мінспорту працаваў у апараце Кабінета міністраў Беларусі — загадчыкам сектара па справах грамадскіх аб'яднанняў і фізічнай культуры.
№1. Уладзімір Рыжанкоў. Дарожнік, партыйны функцыянер, старшыня НАК
Першы міністр спорту і турызму ў гісторыі незалежнай Беларусі (1995 — 1996).
У 1964 годзе скончыў Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум, працаваў дарожным майстрам. Пасля службы ў войску скончыў інстытут фізкультуры ў Мінску і застаўся там выкладаць, а пасля заканчэння вышэйшай партыйнай школы пайшоў па спартовай лініі: з 1978 па 1991 год працаваў на розных пасадах у структуры Савета міністраў БССР і ЦК КПБ. Перад прызначэннем у Міністэрства спорту займаў пасаду прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.