Тэртэль заявіў, што ў Беларусі затрыманыя замежныя агенты
Іван Церцель / TUT.BY
У Беларусі затрыманыя замежныя агенты, заявіў сёння журналістам старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван Тэртэль. Гэта грамадзяне Польшчы і краін Балтыі. Падставай для іх затрымання, паводле Церцеля, зрабілася здзяйсненне "агентурных аперацый".
"Прыадкрыю вам сакрэт: намі затрыманая некаторая колькасць грамадзян Польшчы пры здзяйсненні актыўных аперацый па агентурнай сувязі на нашай тэрыторыі. Затрыманыя здраднікі, з якімі яны працавалі на нашай тэрыторыі", — заявіў Тэртэль. Паводле яго слоў, "польскі бок любымі спосабамі хоча дамагчыся абмену", аднак "ніхто з затрыманых імі асоб, якія працуюць нібыта ў інтарэсах Рэспублікі Беларусь, задач спецслужбаў Рэспублікі Беларусь не выконвае".
Церцель таксама расказаў, што рэгулярна дакладае Аляксандру Лукашэнку пра становішча, якое складваецца, часам па 2-3 разы на дзень. Кіраўнік КДБ лічыць, што "варта чакаць у сярэднетэрміновай перспектыве сур'ёзнай эскалацыі абстаноўкі ў нашым рэгіёне". Увесь сілавы блок пад кіраўніцтвам Лукашэнкі цяпер, са слоў Тэртэля, заняты "адбіццём атакі тэрарыстычнага кангламерату з тэрыторыі сумежных для нас дзяржаў".
Нагадаем, у пачатку сакавіка латвійскія ўлады паведамілі, што з пачатку ўвядзення бязвізавага рэжыму ў Беларусі (з красавіка 2022 года) у краіне арыштавалі ўжо 18 грамадзян Латвіі. Латвійскі МЗС тады нагадаў, што магчымасці дапамагчы грамадзянам цяпер абмежаваныя "праз адсутнасць законнасці ў Беларусі", і заклікаў устрымацца ад паездак у нашу краіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.