Чаго не хапае беларускім стартапам і ці дапаможа ім дэкрэт аб лічбавай эканоміцы
Беларускай эканоміцы застаўся адзін крок да таго, каб стаць лічбавай. Прынамсі, на паперы. Дэкрэт, прысвечаны "развіццю лічбавай эканомікі", падрыхтаваны і чакае подпісу Аляксандра Лукашэнкі.
У дакумента ёсць некалькі вымярэнняў. Адно тычыцца ўмоваў працы IT-сферы, іншае — "лічбавых" элементаў ва ўсіх астатніх сектарах эканомікі. Дэкрэт мусіць зрабіць беларускі бізнес-клімат больш зразумелым для замежнікаў. Гаворка вядзецца пра магчымасць афармляць здзелкі па нормах "англійскага права" — прэцэдэнтнай прававой сістэмы, якая "ствараецца судамі".
Самыя гучныя здзелкі ў беларускіх IT апошнім часам звязаныя з продажам сусветным айці-гігантам Google і Facebook стартапаў AIMatter ды MSQRD, распрацаваных у Беларусі. Чаго іх распрацоўшчыкам не хапае, каб беларускія стартапы "выстрэльвалі" часцей? Ці чакаюць іх распрацоўшчыкі новага дэкрэта і ці разлічваюць, што з ім працаваць будзе лягчэй, чым да яго?
Гэтыя і іншыя пытанні Еўрарадыё абмеркавала з Яўгенам Пугачам, тымлідам IMAGURU Startup HUB — буйнога беларускага каворкінга, які яднае праграмістаў і ментараў.
Да эфіру далучыўся па Skype генеральны дырэктар VP Capital Belarus, юрыст Мікалай Маркоўнік, які распавёў, як будзе рэалізаваная імплементацыя нормаў "англійскага права" ў беларускае заканадаўства.