Чаму “Чарнобыльскі шлях 2018” вас расчаруе

Чаму “Чарнобыльскі шлях 2018” вас расчаруе

26 красавіка апазіцыя плануе правесці ў Мінску традыцыйны “Чарнобыльскі шлях”. Арганізатары чакаюць на ім 1 тысячу чалавек. Маўляў, аншлаг на “Дзень Волі” мусіць зрабіць сваю справу і павялічыць звычайную колькасць удзельнікаў:


"Перакананы, што ўдзельнікаў на сёлетнім “Чарнобыльскім шляху” будзе значна больш, чым у папярэднія гады. Гэтаму паспрыяе правядзенне Дня Волі, на які сабралася некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Людзі ўбачылі, што іх шмат", — мяркуе Юрый Губарэвіч, старшыня руху “За Свабоду!” і адзін з арганізатараў сёлетняга “Чарнобыльскім шляху”.

Хутчэй за ўсё, усе гэтыя людзі будуць расчараваныя: акцыя пройдзе ў традыцыйным фармаце невялікага мітынгу і шэсця па звыклым маршруце ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Без канцэрта (чым вабіў Дзень Волі), фудкорта, намётаў з цікавосткамі. І нават без палітычных заклікаў, на чым арганізатары “Чарнобыльскага шляху” робяць асаблівы акцэнт:


"Мы заклікаем усіх паставіцца адказна, бо перш за ўсё, гэта акцыя смутку і пратэсту супраць антыэкалагічных захадаў, якія робіць сённяшняя ўлада. Таму тут не павінна быць месца для таннага самапіяру. Трэба прыходзіць з лозунгамі, якія тычацца менавіта тэматыкі “Чарнобыльскага шляху”", — кажа намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

 

Чаму “Чарнобыльскі шлях 2018” вас расчаруе
"Чарнобыльскі шлях-2016". Фота Еўрарадыё

Апошнія гады “Чарнобыльскі шлях” быў менавіта палітычнай акцыяй. Не так шмат было ў апазіцыі дазволеных мерапрыемстваў, каб папратэставаць супраць сацыяльнай несправядлівасці і палітычнага пераследу, узгадаць пра зніклых палітыкаў. Таму і “Дзяды”, і “Дзень Волі”, і “Чарнобыльскі шлях” з яго непалітычнай экалагічнай тэматыкай так ці інакш ператвараліся ў палітычную трыбуну. Нават сёлетні, падкрэслена святочны, Дзень Волі не стаў выключэннем — са сцэны гучала дастаткова “палітыкі”.


Аднак ці можна “Чарнобыльскі шлях” ператварыць у непалітычную і нават экалагічную акцыю? Так ці інакш, яна будзе праходзіць пад бел-чырвона-белымі сцягамі, яе ладзяць менавіта апазіцыйныя палітыкі. І яшчэ адзін нюанс: на яе абавязкова прыйдуць анархісты, якім да лямпы любыя заклікі пра апалітычнасць. Людзі ў масках з антыядзернымі лозунгамі і з барабанамі ў любым выпадку ператвораць шэсце смутку ў перфоманс з затрыманнямі. І шанцаў, што ідэолагі "шляху" ўпросяць анархістаў перачакаць год-другі і не высоўвацца, да смешнага мала.

 

Чаму “Чарнобыльскі шлях 2018” вас расчаруе
Зялёныя ідуць на "Чарнобыльскі шлях 2017"

Арганізатары акцыі перакананыя, што падчас Чарнобыльскага шляху грамадства павінна актыўна пратэставаць супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС. Яны хочуць, каб пазіцыю людзей пачулі чыноўнікі, запрошаныя на акцыю. Прынамсі, запрашальнік перададзены міністру лясной гаспадаркі Беларусі. З аднаго боку, усё выглядае на тое, што апазіцыя імкнецца да дыялогу з дзяржавай, працягваючы лінію арганізатараў Дня Волі. З іншага, пазіцыя арганізатараў "Чарнобыльскага шляху" прасякнутая празмернай асцярожнасцю, і нават нагадвае чыноўніцкую мантру "абы было ціха і чаго такога не выйшла".


Калі няма за што карміць дзяцей, беларусы могуць рызыкнуць і выйсці пратэставаць супраць беспрацоўя. А вось пытанні экалогіі, нягледзячы на трагічны чарнобыльскі досвед, па-ранейшаму страшна далёкія ад народа. На жаль, беларусы яшчэ не сталі "зялёнымі". Таму сёлетні Чарнобыльскі шлях мае ўсе шанцы стаць шараговай нуднай акцыяй. Калі, вядома, яе не расцвецяць антыядзерныя вавёрачкі, зебры-анархісты ці смерць з касой.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі