“Чаму для іпэшнікаў арэнда ў еўра, а электраэнергія і газ — у доларах?"

Цалкам размову з Мікалаем Сілінавым можна паслухаць:

Даведка Еўрарадыё: Мікалай Сілінаў, генеральны дырэктар віцебскага ТАА “Альянспласт”, старшыня Віцебскай абласной асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў.

Еўрарадыё: На нарадзе, дзе прысутнічалі старшыня Савета па развіцці прадпрымальніцтва Пётр Пракаповіч і першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі, менавіта вы ўзнімалі самыя вострыя праблемы бізнесу. Неяк спецыяльна да сустрэчы рыхтаваліся?

Мікалай Сілінаў: Вы ж разумееце, што ёсць розныя катэгорыі прадпрымальнікаў. Хто гандлюе на рынку — для іх сёння важна, што адбываецца з сертыфікацыяй. Калі хто займаецца вытворчасцю на арандаваных плошчах, сёння вострая праблема — рэзкае падвышэнне арэнднай платы ў Віцебску. Для тых, у каго прадпрыемствы працаёмкія, праблема ў тым, што сёння кошт электраэнергіі ў два разы вышэйшы, чым у Расіі, вышэйшы нават, чым у прыбалтыйскіх і еўрапейскіх краінах! Таму нельга нейкім адным пасылам закрыць усе праблемы прадпрымальнікаў.

                                                      Мікалай Сілінаў

Еўрарадыё: Вы распавялі пра праблему з арэнднай платай на прыкладзе стаматалагічнага кабінета, для якога арэнда з 6,3 мільёна рублёў у снежні 2014 года вырасла да 19,6 мільёна ў студзені 2015 года. Сапраўды так рэзка?

Мікалай Сілінаў: Ёсць рашэнне Віцебскага гарадскога Савета аб адмене ўсіх паніжальных каэфіцыентаў і аб павышэнні ставак арэнднай платы — яна вырасла ў тры разы! Па рэспубліцы арэндная плата ў сярэднім вырасла на 20%. А ў горадзе Віцебску — у тры разы. Я прапанаваў уладальніку гэтага стаматалагічнага кабінета самому агучыць праблему на той сустрэчы, але ён не наважыўся — баіцца, што для яго арэнда стане яшчэ даражэйшай.

Еўрарадыё: А вы чаму не баяліся агучваць такія непрыемныя факты?

Мікалай Сілінаў: Я пра гэта і на мясцовым узроўні казаў — намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама. Можа быць, я не зусім зручны чалавек для начальства… Але ж мяне хвалюе не арэндная плата! Мяне хвалюе, што людзі будуць вымушаныя падвышаць кошт сваіх паслуг — з ніадкуль грошы ж узяць немагчыма. Ці, да прыкладу, маленькія швачныя майстэрні па рамонце адзення, дзе тры швачкі разам з гаспадыняй працуюць: гаспадыня проста кажа, што не ведае — ці ёй закрываць майстэрню, ці перанесці вытворчасць у сваю маленькую кватэру?

Еўрарадыё: І якія настроі ў віцебскіх прадпрымальнікаў: неяк выжываць ці зачыняцца?

Мікалай Сілінаў: У кожнага за плячыма сям’я, якую неабходна карміць. Прасцей за ўсё сказаць: “Ды ну яго!”, калі ў цябе ёсць чамадан з грашыма. Але я не думаю, што ўладальнікі гэтых невялікіх прадпрыемстваў, швачных майстэрняў, вялікі скарб зарабілі. Ці тыя ж уладальнікі цырульняў. Мільянерам на гэтым не станеш. Канечне, людзі будуць неяк выкручвацца, шукаць нейкія варыянты. Тут жа не толькі пра свае сем’і размова — а нанятыя работнікі! У якіх таксама сем’і і крэдыты. Так што большасць прадпрымальнікаў настроеная на працу. Але мяне хвалюе ў гэтай сітуацыі тое, што задачу напаўнення бюджэту такім чынам, праз арэндную плату, вырашаць не зусім правільна. Бо частка прадпрымальнікаў працягне працаваць па-ранейшаму, падняўшы цэны на свае паслугі, але частка сыдзе ў “цень”, частка закрыецца, і не факт, што бюджэт атрымае тыя грошы, якія меркаваў. Сёння да 30% кропак у гандлёвых цэнтраў стаяць зачыненыя. Тут і падвышэнне арэнднай платы вінаватае, і тое, што ў людзей няма грошай.

Еўрарадыё: Адчуванне з вашых слоў, што ўрад альбо не разумее праблем прадпрымальнікаў, альбо не хоча разумець…

Мікалай Сілінаў: Я б сказаў па-іншаму: сёння адбыўся разрыў паміж кіраўніцтвам краіны і мясцовымі органамі ўлады. Бо тыя, хто прымае рашэнні і выпрацоўвае правілы гульні, самі бізнесам не займаліся і маюць вельмі павярхоўнае ўяўленне пра тое, як і што ў бізнесе адбываецца. А на ўзроўні міністра, прэм’ер-міністра ёсць разуменне таго, што ў краіне будзе вызваляцца вялізная колькасць людзей з буйных прадпрыемстваў. І яны некуды павінныя пайсці працаваць, каб зарабіць сабе на жыццё.

Я думкамі вяртаюся ў 80-я гады мінулага стагоддзя, калі былі дазволеныя першыя кааператывы. Тады было значна менш зарэгуляванае наша жыццё. Не кажу, што ўсё рабілася добра і было добрай якасці, але людзі імкнуліся нешта вырабляць.

А цяпер па працы часта бываю ў Турцыі і проста здзіўляюся: там у кожным гаражы, у кожнай падваротні нейкая вытворчасць, нешта вырабляюць. І дзяржава шмат робіць для таго, каб спрыяць менавіта вытворчасці, а не гандлю. І яны ўжо вырабляюць еўрапейскай якасці тэхналагічную прадукцыю. А цэны значна ніжэйшыя за еўрапейскія. Мы ўжо больш за 10 гадоў набываем там прэс-формы, якія ў сябе вырабляць не навучыліся, — такога ўзроўню і такой якасці, як робяць туркі.

Еўрарадыё: Дзіўная справа: у нас жа жорсткая вертыкаль улады — як унізе могуць ігнараваць загады зверху?

Мікалай Сілінаў: Ад каманды зверху да выканання — вялікая дыстанцыя. Можна тупа выконваць тое, што табе сказалі, не прыкладаючы да рэальнага нашага жыцця.

Еўрарадыё: Кажуць наверсе, што неабходна папаўняць бюджэт — унізе выконваюць як умеюць…

Мікалай Сілінаў: Але ж яны бяруць самае простае рашэнне! Мы ж вамі жывём у суверэннай краіне — чаму ў нас арэндная плата ў еўра, а электраэнергія і газ на долар завязаныя? У Расіі ж атрымалася, нягледзячы на 100 адсоткавую дэвальвацыю рубля, працягваць жыць у расійскіх рублях. А мы — у доларах і еўра. Гэта ж важна! І гэта я не кажу пра тое, што ў Расіі набываем газ па 160 долараў, а прадаём па 315-320. Я днямі меў размову на тэму “Чаму ў нас такія дарагія агуркі?” Вытворцы гэтых агуркоў кажуць: “Калі б набывалі газ па 200 долараў, то і агуркі былі на 30% таннейшыя”.

Еўрарадыё: На нарадзе вы распавядалі пра выпадак, калі санстанцыя штрафуе прадпрымальнікаў на пустым месцы…

Мікалай Сілінаў: Так і ёсць! Маленькую краму аштрафавалі за адсутнасць дамовы на аказанне паслуг па мыцці спецвопраткі. А спецвопраткі той два чэпчыкі і два фартухі ў прадаўцоў.

Еўрарадыё: Вы сказалі: “Падатковы інспектар казаў пра план кожнаму — аштрафаваць на 150 мільёнаў рублёў”. Але як гэта можна даказаць?

Мікалай Сілінаў: Ніяк — ніхто ж пра гэта адкрыта не скажа!

Еўрарадыё: Як паставіўся Пётр Пракаповіч да сказанага вамі і ці ёсць спадзяванні на станоўчае вырашэнне агучаных праблем?

Мікалай Сілінаў: Апроч Пракаповіча там прысутнічаў Мацюшэўскі, які новы чалавек у кіраванні эканамічным блокам краіны. І я хацеў, каб найперш ён пачуў пра праблемы. Магчыма, камусьці з прысутных яны падаюцца маленькімі, для Мартынава і Шакуціна, можа, гэта праблемы нязначныя. Але для пераважнай большасці прадстаўнікоў бізнесу, якія сёння жывуць і працуюць у краіне, гэта важна. Можа, задумаюцца тыя, хто гэтыя рашэнні прымае, і больш ўзважана будуць у будучыні падыходзіць да прыняцця рашэнняў. А можа, нейкія рашэнні нехта і адменіць. Але пакуль ніякай рэакцыі на мае словы ні з боку ўраду, ні з боку нашых віцебскіх уладаў не было. 

Уладальнік холдынгу "Амкодор" Аляксандр Шакуцін на пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва 19 лютага

Фота: ced.bywww.znk.by anp-vitebsk.by 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі