Курс долара на мінімуме за апошнія 4 месяцы. Тлумачым чаму
Курс долара ў Беларусі / Еўрарадыё
Курс долара да рубля ў Беларусі знаходзіцца на мінімуме за апошнія чатыры месяцы. Гэта звязана ў першую чаргу з умацаваннем расійскага рубля ў дачыненні да долара.
— А гэта, у сваю чаргу, звязана з умацаваннем цэн на нафту. Яно выклікана эканамічным пазітывам, справакаваным удалым запускам вакцыны [ад каранавіруса. — Еўрарадыё], — кажа акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова.
Сітуацыя нармалізуецца
Аб'ём таргоў доларам на валютна-фондавай біржы 17 снежня склаў $19,5 млн. 18 снежня — $46 млн.
— Гэта невысокі аб'ём. У жніўні там было ад 50 да 100 мільёнаў долараў у залежнасці ад дня. Відавочна, што ў жніўні быў ажыятаж па куплі валюты.
Нацбанк усё яшчэ заціскае ліквіднасць банкаў, таму на рынку не так шмат рублёў, за якія можна было б купляць долары. Значыць, меншы попыт і, адпаведна, цана долара.
— Але ўжо відаць, што сітуацыя з ліквіднасцю паступова нармалізуецца. Рублёвай ліквіднасці банкам становіцца дастаткова. Гэта відаць па тым, што стаўкі міжбанкаўскага рынку сур'ёзна знізіліся ў параўнанні з папярэднімі месяцамі. Яны вагаюцца каля 10-12 адсоткаў. Да гэтага яны даходзілі да 20 адсоткаў і паступова зніжаліся да снежня.
З іншага боку, людзі працягваюць здымаць дэпазіты. Значыць, насельніцтва будзе заставацца пакупніком долара. І гэта працягне трошкі ціснуць на курс.
Эксперт адзначае, што прадказаць шокі, якія паўплываюць на курс рубля, немагчыма. Калі яны ўсё ж будуць, гэта адразу адаб'ецца на курсе. У Нацыянальнага банка няма сродкаў, каб падтрымліваць курс або згладжваць ваганні рубля.
— Гэта значыць, рызыкі ёсць, але агульная тэндэнцыя такая, што ўсё пакуль што складваецца досыць добра.
Без Калаура рубель абваліцца
Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што сітуацыя таксама звязаная з прагматычнымі паводзінамі Нацбанка.
— Нацбанк звязваў грошы, якія з'яўляюцца, не даючы ім доступу да рынку, дзе вызначаецца курс. Гэта разумныя ўзважаныя паводзіны. Гэта якраз не дапусціла дэвальвацыі беларускага рубля ў канцы гэтага года. Валюту насельніцтва таксама трымае пры сабе. Атрымліваецца адноснае зацішша на рынку форэкса, — кажа эканаміст.
Зацішша скончыцца разам з навагоднімі святамі, лічыць эксперт. Потым долар адыграе сваё.
— На ўзроўні бюджэту, паводзін хатніх гаспадарак няма фундаментальных падстаў меркаваць, што рубель будзе трымацца хоць бы да трох рублёў. Налета мы дакладна праб'ём парог у тры рублі, асабліва калі матэрыялізуецца папярэдняя інфармацыя пра тое, што Калаур [кіраўнік Нацбанка. — Еўрарадыё] альбо сёлета, альбо ў пачатку наступнага года сыдзе з Нацыянальнага банка.
Калі месца Паўла Калаура зойме хтосьці падобны да экс-старшыні праўлення Нацыянальнага банка Пятра Пракаповіча, фармаваць давер да дзеянняў уладаў будзе вельмі праблематычна, упэўнены Яраслаў Раманчук.
— Усе атрымаюць сігнал, што так, сябры, пара выходзіць з рубля. Ёсць яшчэ ўскосны паказчык. Аб'ём знешняй дэбіторскай запазычанасці — калі прадпрыемствы адгрузілі тавар і не атрымалі аплаты — за дзесяць месяцаў павялічыўся амаль на 45%. Гэта сведчыць пра тое, што тавары хутка выводзяць з Беларусі, чакаючы абвалу рубля.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.