Чаму на стаянках каля БДУ няма ровараў?

Студэнты БДУ летам дамагліся таго, што ля універсітэта з‘явілася стаянка для ровараў. Аднак са 100 падпісантаў раварыстаў аказалася няшмат – на паркоўцы з 27 месцаў сёння займаецца толькі 4-5. І гэта не задавальняе кіраўніцтва ВНУ, якое пайшло студэнтам насустрач. Намеснік прарэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце Ігар Русакевіч нават зазначыў, што дзяўчына, якая была ініцыятарам збору подпісаў, так і не набыла сабе ровар, хаця абяцала зрабіць гэта, як стаянку зладзяць.

Еўрарадыё знайшло гэтую дзяўчыну. Юля Дзіковіч, ініцыятар стаянкі раварыстаў, кажа, што пакуль сама яна сабе ровар не набыла, бо не сабрала дастаткова грошай. Але актывістка лічыць, што старалася недарэмна.

Дзіковіч: Я на лета з’язджала з горада, а калі вярнулася, то ўбачыла, што і ў горадзе і ва універы стала ў 2-3 разы больш раварыстаў. Таму я думаю, гэта вельмі перспектыўны напрамак. Іншая справа, што адразу нельга чакаць таго, што моладзь стане павальна едзіць на роварах на вучобу.

Студэнты, што кожны дзень цяпер ездзяць на вучобу на роварах, таксама ведаюць пра крыўду кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта на нешматлікіх раварыстаў. Павел Чумакоў, пяцікурснік геафаку, што зрабіў сайт, прысвечаны БДУ-шнай паркоўцы, праблемы ніякай не бачыць.

Чумакоў: Я бачыў у адным з артыкулаў, што стаянка не каштавала універсітэту амаль нічога – усяго 100 долараў. Сёння штодня, я бачу, на ёй знаходзяцца 3-4 ровары. Але гэта значыць, што раварыстаў у 3-4 разы больш. Да таго ж, зараз ужо амаль канец сезону, але я планую ездзіць на ровары яшчэ месяц.

Павел вельмі ўсцешаны, што цяпер стаянка ля універа ёсць. Бо раней ахоўнікі БДУ забаранялі пакідаць ровар у дворыку. А цяпер пакідаць яго на паркоўцы стала значна бяспечней, бо побач з ёй ёсць аўтамабільная, за якой сочаць.

Праблема з паркоўкамі вырашаная, аднак у іншагародніх студэнтаў ёсць і іншыя. Напрыклад, ім паводле тэхнікі бяспекі нельга трымаць ровары ў інтэрнатах.

Былы старшыня гаспадарчага аддзела, памочнік прарэктара Міхаіл Сянкевіч кажа, што наступны іх крок – месца для захоўвання ровараў каля філіяла БДУ.

Сянкевіч: Там жа ёсць неўпарадкаваны стадыён, і мы хочам зрабіць, каб роварааматары маглі ездзіць туды і катацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі