Чаму Зяленскаму выгадная супраца з Ціханоўскай? Тлумачым
Спойлер: стратэгічныя мэты ўрада Украіны і дэмакратычных сілаў Беларусі супадаюць / калаж Улада Рубанава
Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі прайшло ўжо больш за два гады. За гэты час Святлана Ціханоўская паспела правесці дзясяткі сустрэч з сусветнымі лідарамі. Аднак з кіраўніцтвам Украіны наладзіць кантакт усё не атрымліваецца.
Супраца з Ціханоўскай была б вельмі карысная для Уладзіміра Зяленскага. Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё заявіў палітолаг Андрэй Ягораў.
“Ці патрэбна для гэтага мець сімвалічную сустрэчу Ціханоўскай і Зяленскага, для мяне гэта не відавочна. Але шчыльнае ўзаемадзеянне паміж гэтымі структурамі з’яўляецца вельмі важным. Чаму? Ёсць супадзенні стратэгічных інтарэсаў. Украіна зацікаўлена ў тым, каб Беларусь была дэмакратычнай і мела праеўрапейскі вектар развіцця. Гэта моцна палепшыць пазіцыі самой Украіны, і ў структуры рэгіянальнай бяспекі ім гэта будзе даваць большую ўпэўненасць”.
Па словах Ягорава, калі гэтага не зрабіць, то Беларусь заўсёды будзе з’яўляцца пагрозай: “Калі думаць яшчэ далей, то адпадзенне былой імперскай перыферыі ад Расіі можа выклікаць каскадны эфект развалу Расіі альбо вельмі моцнае паслабленне гэтага імперскага цэнтра. Беларусь тут з’яўляецца пэўным ключом у далейшай палітыцы Украіны ў адносінах да Расіі”.
Як бы Украіна ні выйшла з вайны, каб пазбавіцца ад пагрозы з боку “лукашэнкаўскай Беларусі”, краіна мусіць мець даволі моцныя пазіцыі ў рэгіёне: “І Беларусь з’яўляецца натуральным аб’ектам і суб’ектам у гэтай палітыцы. І дэмакратычныя сілы Беларусі — якраз тыя сілы, дзе інтарэсы супадаюць. Разам можна гуляць на гэтым полі”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.