Чэмпіёна Гомеля па шахматах адправілі ў псіхдыспансер за "паклёп" на Лукашэнку
Валерый Яроцкі
Жыхара Гомеля Валерыя Яроцкага адправілі на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычны стацыянар. Такое рашэнне вынес мясцовы райсуд. Яроцкага абвінавачвалі ў паклёпе (арт. 188 КК) і паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК). Пасяджэнне адбылося яшчэ ў ліпені, але падрабязнасці гэтай справы сталі вядомыя праваабаронцам толькі цяпер.
Валерый Яроцкі неаднаразова быў назіральнікам на выбарах ад БХК. Захапляўся шахматамі, у 2019 годзе выйграў чэмпіянат горада. У матэрыялах справы гаварылася, што Яроцкі адправіў у КДБ, МУС, пракуратуру і ЦВК лісты, у якіх абвінаваціў Лукашэнку ў цяжкіх злачынствах. Гэтыя лісты ён адпраўляў і электроннай поштай, і ў папяровым выглядзе. Такім чынам, палічылі абвінавачванне і суд, ён зрабіў іх даступнымі "для вольнага прагляду, капіявання і азнаямлення шырокага кола асоб". Яшчэ адным пацярпелым па справе быў пракурор Гомельскай вобласці. Пра яго таксама ішла гаворка ў лістах. Мужчына заявіў, што яго агаварылі.
Характэрна, што, нягледзячы на перавод Яроцкага ў псіхіятрычны стацыянар, яго яшчэ і ўнеслі ў "Спіс асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.