"Чэргі на апраменьванне былі звязаныя са зменай і рамонтам абсталявання"
26 ліпеня ў сеціве з'явілася інфармацыя пра тое, што хворыя на рак не могуць прайсці курс промневай тэрапіі ў Бараўлянах, бо з чатырох апаратаў працуе толькі адзін.
"З нагоды майго брата. У яго рак другой ступені, яму патрабуецца апраменьванне ў Бараўлянах. З 4-х апаратаў працуе толькі адзін, таму вялікая чарга", ― паведамленне пачалі рэпосіць у сацыяльных сетках.
Аднак чуткі пацвердзіліся часткова. Па словах намесніка дырэктара па тэхніцы РНПЦ анкалогіі і радыялогіі Мікалая Пратасені, цяпер у цэнтры працуюць тры апараты:
"Мы устанавілі новы апарат і з панядзелка ўвялі яго ў эксплуатацыю. І адрэмантавалі адзін са старых, які эксплуатаваўся раней. Таму чэргі будуць зніжацца, бо, натуральна, праблема была".
Мікалай Пратасеня сцвярджае, што чацвёрты апарат, на якім робяць апраменьванне анкахворым, таксама рамантуецца.