Чыноўнікі ад адукацыі пракаментавалі навучальны дапаможнік з памылкамі

Сшытак з памылкамі

Сшытак з памылкамі / tiktok.com/@capitoshka_007

Больш за 100 тысяч праглядаў у TikTok сабрала блогерка Capitoshka. Шалёную папулярнасць атрымала яе відэа з памылкамі ў працоўным сшытку па беларускай мове для другога класа аўтарства Алены Дамасевіч.

У адным з заданняў, напрыклад, замест "гэта" надрукавана "гэты", а замест "пачынаецца" — "пачыныецца".

Відэа распаўсюдзілася па многіх пабліках, з'явілася на сайтах. Адрэагаваць на яго вырашылі і чыноўнікі. У камітэце адукацыі Мінгарвыканкама заявілі, што паказаны працоўны сшытак не з'яўляецца абавязковым для выкарыстання вучнямі, пішуць "Мінск-Навіны".

Сшытак не мае грыфа Міністэрства адукацыі — значыць, ведамства не дапускала яго да выкарыстання на ўроках.

"Настаўнік не мае права патрабаваць набыцця працоўных сшыткаў на друкаванай аснове. Што тычыцца дапаможніка для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі "Беларуская мова, 2-і клас, Купалінка", то ён не адпавядае патрабаванням Міністэрства адукацыі і не выкарыстоўваецца ў сталічных школах і гімназіях пры арганізацыі адукацыйнага працэсу", — сказалі ў камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама.

Чыноўнікі абяцаюць правесці праверку і выключыць з продажу сшыткі з абдрукоўкамі і памылкамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.