Ці будзе рэгістрацыя страшней за прапіску?

Як даведалася Еўрарадыё, атрымаць сталічную рэгістрацыю будзе нават больш складана, чым прапіску.
Нават калі праз чатыры месяцы прапіска зменіцца на рэгістрацыю, штамп у пашпарце беларусаў ўсё роўна застанецца. Да таго ж, з’явіцца і часовая рэгістрацыя. Згодна з пунктам 21 “Палажэння аб рэгістрацыі”, грамадзянін, які выязджае на іншае месца жыхарства на тэрмін звыш аднаго месяца, МАЕ ПРАВА зарэгістравацца па месцы пражывання.

Еўрарадыё вырашыла дазнацца, ці хопіць трох старонак у пашпарце, каб паставіць туды ўсе такія адзнакі. Аказалася, што пры часовай рэгістрацыі пашпарт наогул не спатрэбіцца: неабходна будзе набыць спецыяльнае пасведчанне і мяняць яго штогод. Дарэчы, каштаваць гэтая паперка будзе столькі ж, колькі цяпер прапіска – 6200 рублёў. Нягледзячы на ўсе абяцанні, што з рэгістрацыяй бюракратычнай папяровай цяганіны стане менш, ужо сёння зразумела, што студэнтам і вайскоўцам давядзецца пабегаць.

Па словах начальніка аддзела па пашпартнай справе выезду за мяжу МУС Дзмітрыя Леўчанкі, часовую рэгістрацыю можна назваць добраахвотнай справай, але не для ўсіх.

Дзмітры Леўчанка:
Гэта вайскоўцы, асуджаныя і студэнты, якія прыехалі на вучобу. Вось яны проста абавязаныя зарэгістравацца, а ўсе астатнія – паводле жадання.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці лягчэй будзе беларусам пры рэгістрацыі. Сёння, каб прапісацца ў кватэру, неабходна 12 кв.м (ад жылой плошчы) на аднаго чалавека. З 1 студзеня гэтая велічыня зменіцца: для Мінску яна складзе 20 кв.м (але ўжо ад агульнай плошчы), для астатняй тэрыторыі краіны – 15. Ці гэта палёгка?

Калі ў звычайнай двухпакаёвай сталічнай панельнай кватэры плошчай 55 кв.м жывуць 2 чалавекі, то прапісацца сюды ўжо нельга: з 28 жылых квадратных метраў вольнымі застаюцца толькі 4. Відавочна, трэці на гэтай плошчы лішні. Новы закон амаль нічога не зменіць: 15 “лішніх” квадратных метраў таксама не дазволяць пасяліцца чужаку ў Мінску.

А вось на блізкіх сваякоў гэтыя абмежаванні не распаўсюджваюцца. Але і тут для мінчукоў абмежаванне, якога няма нават зараз пры прапісцы.

Дзмітры Леўчанка:
Ёсць абмежаванні па прапісцы ў Мінску, яны злёгку адрозніваюцца. Калі па рэспубліцы можна, напрыклад, прапісваць братоў і сясцёр, то ў Мінску роднага брата і сястру прапісаць нельга. Толькі ў выпадку, калі яны непаўналетнія.

З пытаннем, як будзе адсочвацца часовае перамяшчэнне і які штраф за ўхіленне ад рэгістрацыі, Еўрарадыё звярнулася да першага намесніка начальніка дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксея Бегуна. Але нават супрацоўнікі МУС пакуль гэтага не ведаюць.

Аляксей Бегун:
Падрыхтавана прапанова ў Кодэкс РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях. Пры першым правапарушэнні выносіцца папярэджанне, а пры паўторным — штраф. Якая гэта будзе сума, я яшчэ не магу сказаць. Таму калі чалавек сам не заявіў, то ён будзе “пралятаць” па шэрагу пытанняў.

На другое балючае пытанне Еўрарадыё, ці можна будзе ўладкавацца на працу ў Мінску без сталічнай рэгістрацыі, намеснік кіраўніка ўпраўлення грамадзянства і міграцыі Мінгарвыканкаму Іна Студзенічнік таксама не змагла адказаць. Яна запэўніла, што зараз прадугледзець, як спрацуе Палажэнне аб рэгістрацыі, проста немагчыма: чыноўнікі яшчэ не да канца разумеюць новаўвядзенне. Але каб вырашыць гэтае складанае пытанне, давядзецца змяняць указ прэзідэнта, што вельмі складана.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі