Новы генсакратар NATO працягне супрацу з беларускімі дэмсіламі — Кавалеўскі
Марк Рутэ
Новы генсакратар NATO працягне лінію супрацы з беларускімі дэмсіламі. Прадстаўнік АПК па міжнародных справах Валер Кавалеўскі пракаментаваў Еўрарадыё навіну пра тое, што альянс узначаліць Марк Рутэ.
"З гэтым чалавекам ёсць трывалыя сувязі, Святлана Ціханоўская з ім сустракалася не адзін раз, і гэты персанальны кантакт вельмі важны. Але для нас істотна тое, што да гэтага моманту мы падышлі ўжо з пачаткам палітычнага дыялогу паміж дэмакратычнымі сіламі і NATO", — кажа Кавалеўскі.
Суразмоўца адзначыў, што паміж беларускімі дэмсіламі і альянсам ужо ёсць працэс дыялогу.
"Праз некалькі тыдняў Святлана Ціханоўская будзе ўдзельнічаць у саміце NATO у Вашынгтоне, і гэта таксама важны паказчык таго, што нашыя адносіны становяцца больш сістэмнымі. Гэта толькі пачатак, але мы бачым высокую ступень зацікаўленасці да супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. І я лічу, што новы генсек таксама будзе працягваць гэтую лінію”, — дадае Кавалеўскі.
Кандыдатуру Рутэ падтрымалі ўсе 32 краіны альянсу, а ягоны адзіны сапернік (прэзідэнт Румыніі Клаўс Яханіс) зняў сваю кандыдатуру.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.