Ці парушылі дэпутаты рэгламент, прымаючы Бюджэт-2016?

Ці парушылі дэпутаты рэгламент, прымаючы Бюджэт-2016?

На мінулым тыдні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі Праект бюджэту на 2016 год. Працэдура ўхвалення законапраекта заняла ў народных абраннікаў роўна двое сутак.

Дакладней, працэс выглядаў наступным чынам: у Палату прадстаўнікоў з Адміністрацыі прэзідэнта праект бюджэту паступае ў другой палове дня 16 снежня: яшчэ ў 14.30 у прэс-служба парламента Еўрарадыё кажуць, што дакумент не паступіў, а ўжо ў 17.01 БелТА паведамляе, што законапраект нарэшце ў дэпутатаў. Адразу становіцца вядома, што разглядаць у перым чытанні законапраект парламентарыі будуць 17 снежня, у другім — на наступны дзень.

Пасяджэнне 17 снежня пачынаецца ў 16 гадзін і ўжо праз дзве гадзіны Праект бюджэту і пяць іншых законапраектаў з “бюджэтнага пакета” прынятыя ў першым чытанні. Пасяджэнне 18 снежня пачынаецца ў 14 гадзін і ўжо да 17-й Бюджэт-2016 ухвалены канчаткова.

На здзіўленне: “Так хутка?!” вам адкажуць: “Дэпутаты сумесна з чыноўнікамі працавалі над гэтым дакументам не адзін месяц — што ж тут дзіўнага!”. І будуць мець рацыю, сапраўды працавалі. Былі розныя “нулявыя” і нават “пераднулявыя” чытанні. Але…

Але ёсць такое слова, як “рэгламент”. Да прыкладу, артыкул 196: “Праекты законаў аб рэспубліканскім бюджэце на чарговы фінансавы год, а таксама заключэнне па іх пастаяннай камісіі накіроўваюцца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў не пазней, чым за тры дні да іх разгляду на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў”.

А што мы маем? 16 снежня вечарам дакумент паступае ў парламент, а ўжо 17 снежня яго разглядаюць! “Парушэнне?” — пытаемся ў сябра камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Аляксандра Зазулі.

“З верасня пайшлі першыя моманты па бюджэце, — тлумачыць дэпутат. — Было і “нулявое” чытанне, і збіраўся ўвесь урад у Палаце прадстаўнікоў, былі даволі гарачыя спрэчкі і па падыходах, і па ўсім. Таму запэўніваю, рэгламентныя моманты ўсе адназначна выкананыя і з бюджэтам працавалі не з наскоку”.

Дык а як жа “не пазней, чым за тры дні да іх разгляду на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў”? Але зноў атрымліваем адказ: “Ніякіх парушэнняў я тут не бачу”.

Добра, але ж гэта не адзіны момант несупадзення дзеянняў і рэгламенту. Вось яшчэ: “Пры разглядзе праекта бюджэту ў другім чытанні ставіцца на галасаванне агульная сума даходаў, потым — расходаў, а пасля іх зацвярджэння праект закона ставіцца на галасаванне па ўсіх артыкулах”.

На самой справе, было так: прагаласавалі за даходы, потым — за расходы, а пасля — за увесь законапраект цалкам.

Парушэнне рэгламенту? “Не!” — упэўнена адказвае член камісіі па бюджэце і фінансах Валерый Барадзеня.

“Форма галасавання часцей за ўсё абмяркоўваецца загадзя. У дадзеным выпадку была прапанова нашай профільнай камісіі, якую падтрымалі дэпутаты, і прагаласавалі за тое, каб не галасаваць за кожны артыкул, а прагаласаваць за бюджэт цалкам. Бо артыкулаў там дастаткова шмат… Ну, і па любым законе гэта магчыма — не толькі па бюджэце!”, — даводзіць дэпутат.

Ці парушылі дэпутаты рэгламент, прымаючы Бюджэт-2016?

Часам урад хоча ўнесці праект бюджэту як мага пазней, каб хоць трохі палепшыць паказчыкі прагназавання. У дадзеным выпадку не вельмі атрымалася: сёння, бачыце, нафта зноў уніз ляціць

Валерый Барадзеня

Але і гэта не ўсё. У Бюджэтным кодэксе напісана: “Праект закона аб рэспубліканскім бюджэце на чарговы фінансавы год уносіцца ў Палату прадстаўнікоў не пазней за 1 лістапада”. А ўнеслі 16 снежня! Спазненне на паўтара месяца. Валерый Барадзеня з аргументам пагаджаецца, але толькі часткова.

“Часам бываюць складаныя тэхнічныя моманты… Сёлета, вось, за тыдзень да паступлення законапраекта ў парламент нафта рэзка рухнула ўніз. Часам урад хоча ўнесці праект бюджэту як мага пазней, каб хоць трохі палепшыць паказчыкі прагназавання. У дадзеным выпадку не вельмі атрымалася: сёння, бачыце, нафта зноў уніз ляціць. Фармальна, тэрміны былі парушаныя, але ў нас былі варыянты бюджэту задоўга да афіцыйных тэрмінаў унясення ў парламент, і мы ўдзельнічалі ва ўсіх пасяджэннях”, — тлумачыць дэпутат.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі