Ці скідваюцца чыноўнікі на дабрачынныя дзіцячыя “ёлкі”?

Ці скідваюцца чыноўнікі на дабрачынныя дзіцячыя “ёлкі”?

Напярэдадні Калядаў і Новага года чыноўнікі традыцыйна выпраўляюцца ў дзіцячыя дамы, інтэрнаты і прыёмныя сем'і віншаваць выхаванцаў са святамі ў межах дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці". З сабой вязуць падарункі: цукеркі і розныя неабходныя інтэрнатам рэчы.

Напрыклад, летась прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў "падчас дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" "перадаў Рэспубліканскаму рэабілітацыйнаму цэнтру для дзяцей-інвалідаў музычныя цэнтры". А за дзень да гэтай падзеі выйшла пастанова Саўміна №1074 "Аб выдачы бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі дзяржаўнай установе "Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў". Атрымліваецца, падарункі Саўміна — гэта ніякая не дабрачыннасць, а проста "бязвыплатная дапамога" за кошт... дзяржбюджэту, то бок за грошы падаткаплатнікаў. 

 

Ці скідваюцца чыноўнікі на дабрачынныя дзіцячыя “ёлкі”?
Андрэй Кабякоў на леташнім дзіцячым свяце

Сёлета прэм'ер-міністр яшчэ толькі збіраецца зрабіць "дабрачынны візіт" у адзін з дзіцячых дамоў у сталіцы, кажа прэс-сакратар прэм'ер-міністра Уладзіслаў Сычэвіч:

“Звычайна ў якасці падарункаў мы вязем тое, што просіць кіраўніцтва дзіцячага дома, апроч, натуральна, салодкіх падарункаў. У мінулым годзе падарылі акустычную сістэму".

Праўда, за якія грошы гэтым разам набыў Саўмін падарункі для дабрачыннай акцыі — бюджэтныя ці ўласныя (міністры ўзялі і скінуліся, гэта ж нармальна!), прэс-сакратар казаць адмаўляецца.

Міністр культуры Барыс Святлоў 22 снежня едзе ў падшэфную міністэрству Вілейскую школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі слыху. У падарунак вязе некалькі тэлевізараў.

— Не за кошт бюджэту набываліся, — адказвае прэс-сакратар Мінкульта Ілона Немава на пытанне пра грошы, за якія куплялі тэлевізары.

Еўрарадыё: То бок вы скідваліся?

Не, я гэтага не казала. Гэта не за кошт бюджэту адбываецца.

Цікавы дыялог! А вось супрацоўнікі Міністэрства юстыцыі з дабрачыннасцю знаёмыя:

"Канечне, такое бывае, і дастаткова часта, — распавядае прэс-сакратар Вольга Мурашкоўская. — Сёлета пакуль не скідваліся, хоць наша міністэрства і збіраецца паўдзельнічаць у акцыі "Нашы дзеці". Але ў нас ёсць яшчэ і прафсаюзныя ўзносы".

Ці скідваюцца чыноўнікі на дабрачынныя дзіцячыя “ёлкі”?
Міхаіл Русы падчас акцыі "Нашы дзеці"

Па нашых назіраннях, чэмпіёнам па закупках навагодніх салодкіх падарункаў (каля 48 тысяч!) стаў Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама. Усе яны набытыя за сродкі горада для дзяцей-сірот і дзяцей са шматдзетных і апякунскіх сем’яў. Ёсць у Камітэта і “свая” ёлка для 14 дзетак:

“Ужо сёмы год мы ладзім нашу “камітэтаўскую” ёлку за свае сродкі для СПЦ Цэнтральнага раёна, — рапартуе намесніца начальніка аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы Камітэта Надзея Вялікая.Цяпер ва ўстанове знаходзіцца 14 дзяцей, і паедзем, павязём падарункі, набытыя не за дзяржаўныя сродкі, а за нашы ўласныя: мы складваліся і іх куплялі. Мы вывучалі, якога ўзросту дзеці, набывалі расфарбоўкі, кнігі для чытання, настольныя гульні, спартовы інвентар і слодычы”.

Дарэчы, калі Камітэт па адукацыі займае першае месца па колькасці набытых падарункаў для дзяцей, то Мінскі трактарны завод — сярод самых дарагіх падарункаў. Вага аднаго — каля двух кілаграмаў! І такіх холдынг, паводле сайта дзяржзакупак, набыў больш за 21 тысячу!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі