Ціхая экспансія або адцягванне тэрмінаў: эксперты пра 28 саюзных праграм

Лукашэнка і Пуцін на сустрэчы 9 верасня / Reuters
Лукашэнка і Пуцін на сустрэчы 9 верасня / Reuters

Пасля сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна 9 верасня стала вядома крыху больш пра 28 саюзных праграм, якія былі ўхваленыя Саўмінам Саюзнай дзяржавы. У іх не ідзе гаворкі ні пра палітычную інтэграцыю, ні пра ваеннае супрацоўніцтва.

Меркаванні экспертаў па выніках сустрэчы падзяліліся: хтосьці лічыць, што зноў адцягваюцца тэрміны выканання праграм. Іншыя ўпэўненыя, што справа ідзе якраз да палітычнай інтэграцыі, якой спрабуе ўнікнуць Аляксандр Лукашэнка. Мы сабралі найбольш цікавыя заявы.
 

Чалы: "Гэта не поспех ні для Пуціна, ні для Лукашэнкі"

На думку незалежнага аналітыка Сяргея Чалага, у плане эканамічнага складніка ўхваленыя праграмы не выглядаюць ні як поспех Пуціна, ні як поспех Лукашэнкі.

Тихая экспансия или оттягивание сроков: эксперты о 28 союзных программах
Пуцін анансаваў зусім невялікі крэдыт для Беларусі / Reuters

Ставяцца яшчэ больш доўгія тэрміны для выканання. І, самае галоўнае, адсутнічае механізм кантролю за выкананнем дасягнутых дамоўленасцяў. Усе яны [праграмы. — Еўрарадыё] досыць расплывістыя.

Аналітык падкрэслівае, што і новых грошай на фоне ўзгаднення праграм Лукашэнку не ўдалося атрымаць.

Дамовіліся на 640 мільёнаў долараў. Наўмысна здзеклівая сума, каб нават мільярда не атрымалася. Відавочна, што Пуціну [па выніках сустрэчы. — Еўрарадыё] трэба было пра нешта заявіць, а Лукашэнку трэба было чагосьці дамагчыся. Не атрымалася пакуль ні тое, ні другое.
 

Лебядок: "Эканамічная інтэграцыя пацягне палітычную"

Ваенны эксперт Ягор Лебядок лічыць, што ўзгадненне праграм — частковая капітуляцыя Лукашэнкі перад Масквой.

Гэта не стаадсоткавая перамога. Проста пастаўлены жорсткі графік да 2024 года. Варта ўспомніць, што па адзіным рынку газу будзе вырашана пытанне толькі ў снежні 2023 года, усе праграмы паэтапныя. І крэдытаванне Беларусі вылучана вельмі дробнае.

Эксперт адзначае, што на буйныя крэдыты Мінску з боку Масквы разлічваць не варта. Акрамя таго, новыя крэдытныя паступленні будуць вылучацца па меры таго, як будуць рэалізоўвацца ўхваленыя праграмы.

Вядома, гэта не значыць, што ўсё, што падпісана, абавязкова здзейсніцца. Але ў адрозненне ад мінулых праграм або мерапрыемстваў па развіцці Саюзнай дзяржавы ёсць фактар эканамічнай і палітычнай падтрымкі. Гэта значыць, спачатку будзь ласкавы выканаць умовы, а потым атрымай нейкую плюшку.

Плюс расійская вайсковая прысутнасць замацавалася ў Беларусі. Можна сказаць, што гэта фактычна капітуляцыя. Прычым досыць хуткая.

 

Тихая экспансия или оттягивание сроков: эксперты о 28 союзных программах
Вучэнні "Захад-2021" ў Брэсцкай вобласці / Reuters

Эксперт успамінае артыкул "Коммерсанта" ад 2019 года, у якім гаварылася прыкладна тое самае, што абвешчана па выніках сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна 9 верасня. У тэксце таксама заяўлялася пра фармаванне канфедэрацыі ў эканамічным полі. Для Беларусі гэта можа абярнуцца пагрозай самастойнасці.

Гэта асноўнае, што палохае ў сферы эканамічнай інтэграцыі, — падкрэслівае Ягор Лебядок. — Калі сапраўды карты запрацуюць у 2024 годзе і гэта сапраўды будзе канфедэрацыя, то, завяршыўшы эканамічную інтэграцыю, натуральным пераходам будзе інтэграцыя палітычная.
 

Адзіная валюта не праблема

Пакуль сярод нявырашаных пытанняў застаецца пераход на адзіную валюту.

Фармальная праблема, якая стрымлівае ад адзінага эмісійнага цэнтра, — гэта Канстытуцыя Беларусі, дзе прапісана, што адзіны эмісійны цэнтр — гэта Нацбанк. Але тут два цікавыя моманты. Першы — гэтая норма Канстытуцыі змяняецца парламентам. Гэта значыць, не патрэбен ніякі рэферэндум, — працягвае Ягор Лебядок.

Другі момант — у 2002 годзе Беларусь і Расія ўжо падпісалі пагадненне аб пераходзе на адзіную валюту.

Тихая экспансия или оттягивание сроков: эксперты о 28 союзных программах
Нацыянальны банк / Еўрарадыё

З 2005 года ў нас прамежкавай валютай павінен быў быць расійскі рубель. Нацбанкі Беларусі і Расіі зрабілі сумесную канцэпцыю пераходу на адзіную валюту. У рамках яе не трэба было мяняць Канстытуцыю. Там было напісана, што Нацбанкі захоўваюць суверэнныя правы і захоўваюць за сабой эмісійны цэнтр. Гэта значыць, да адзінай валюты можна прыйсці нават без змены Канстытуцыі такімі хітрыкамі.
 

"Словы "палітычная інтэграцыя" не гучалі, але меліся на ўвазе"

Палітычны аналітык і супрацоўніца Цэнтра аналізу еўрапейскай палітыкі Кацярына Глод адзначае, што з трох кірункаў — палітыка, ваеннае супрацоўніцтва і эканоміка — Лукашэнка выйграў у частцы палітыкі.

Дарожная карта, якая раней называлася трыццаць першай, у якой было абмеркаванне адзінай валюты і наднацыянальнага органа, выпала на сённяшні дзень. Тым не менш мы разумеем, што Крэмль вядзе досыць разважлівую стратэгічную гульню. Пакуль яны вырашылі накіраваць усе намаганні на абаронную сферу і эканоміку.

Тихая экспансия или оттягивание сроков: эксперты о 28 союзных программах
Пратэсты супраць інтэграцыі з Расіяй у Мінску ў 2019 годзе / Reuters

Палітычная інтэграцыя — гэтыя словы не гучалі, але яны меліся на ўвазе. І Лукашэнка гэта добра разумее. Паколькі карты, якія абмяркоўваліся, у прынцыпе ёсць у рамках Еўразійскага саюза. У кожнага абывацеля адразу ж узнікае пытанне: "А для чаго тады рабіць тое самае ў рамках Саюзнай дзяржавы?".

Паколькі Лукашэнка не дасягнуў поспеху ў заручэнні эканамічнай падтрымкай, варта ўспомніць пра "ўльтыматум Мядзведзева", кажа экспертка.

У канцы 2018 года Мядзведзеў сказаў, што спачатку будзе палітычная інтэграцыя, а потым мы будзем гаварыць пра эканамічную падтрымку. Пакуль Лукашэнку ўдалося ўнікнуць палітычнай інтэграцыі, але ён не атрымаў грошай, на якіх на працягу гэтых трох гадоў настойвала Беларусь. Гэта і крэдыты, і кампенсацыя за падатковы манеўр, — заключае экспертка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі