Ціханоўская: Полк Каліноўскага – значна больш, чым проста вайсковае фарміраванне
Палку Каліноўскага споўнілася 2 гады.
Святлана Ціханоўская звярнулася да ваяроў Палка Каліноўскага ў дзень заснавання падраздзялення. Яна падкрэсліла асаблівую рось палка для беларусаў і выказала павагу да гераізму.
"Шаноўныя сябры! Сёння дзень заснавання самага буйнога фармавання беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне – Палка Каліноўскага. Шаноўныя байцы, я хачу выказаць павагу вашай мужнасці і гераізму. Вы сталі сімвалам таго, як любоў да свабоды і імкненне да справядлівасці аб'ядноўваюць людзей нават у самыя жудасныя часы.
З першых дзён расійскага ўварвання вы рушылі змагацца на самых складаных напрамках, каб захаваць не толькі незалежнасць Украіны, але і мару пра свабодную Беларусь. Дзякую вам за самаахвярнасць і захапляюся вашай рашучасцю. Бо кожны дзень на фронце – гэта сапраўднае выпрабаванне. І я ганаруся тым, з якой годнасцю вы яго праходзіце: пад кулямі, артылерыйскімі абстрэламі, у акопах, без сну і адпачынку…
Словы падтрымкі могуць здавацца чымсьці нязначным на фоне таго, што вы кожны дзень рызыкуеце самым дарагім, што маеце – сваім жыццём. Але я хачу, каб вы ведалі: для беларусаў Полк Каліноўскага – значна больш, чым проста вайсковае фарміраванне. Вы ўвасабляеце смеласць і годнасць нашага народа і даказваеце, што беларусы гатовыя дзейнічаць – і нават ахвяраваць сабой, каб дамагчыся зменаў.
Дзякуй вам за тое, што вы робіце. Беражыце сябе і вяртайцеся з заданняў жывымі і цэлымі.
Мы чакаем вас з перамогай! Жыве Беларусь! Слава Украïні!"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.