CNN: Іран паставіць Расіі 1000 адзінак зброі, у тым ліку балістычныя ракеты

Іранскі беспілотнік / Twitter
Іранскі беспілотнік / Twitter

Іран рыхтуецца паставіць Расіі каля 1000 дадатковых адзінак зброі, у тым ліку балістычныя ракеты малой далёкасці класа "зямля-зямля", а таксама ўдарныя беспілотнікі. Пра гэта паведамляе тэлеканал CNN, які спасылаецца на чыноўнікаў неназванай "заходняй краіны".

Адзначаецца, што за гэтай пастаўкай уважліва сочаць, таму што гэта будзе першы выпадак, калі Іран адправіць у Расію ўдасканаленыя высокадакладныя кіраваныя ракеты. А яны "могуць даць Крамлю істотны імпульс на полі бою". Мяркуецца, што пастаўка адбудзецца да канца 2022 года.

Папярэдняя партыя зброі з Ірана ў РФ складалася з 450 беспілотнікаў, якія выкарыстоўваліся супраць Украіны. Кіеў афіцыйна абвінаваціў Тэгеран у пастаўках зброі Расіі і пазбавіў іранскага пасла акрэдытацыі. Іран трапіў пад заходнія санкцыі.

Адпраўка дадатковай іранскай зброі ў Расію — гэта крок, які, верагодна, прывядзе да далейшага пагаршэння адносін з ЗША, піша CNN.

Тым часам Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны анансуе магчымую адпраўку ў пачатку лістапада з Ірана ў РФ больш за 200 беспілотнікаў Shahed-136, Mohajer-6 і Arash-2. Праз Каспійскае мора іх плануюць даставіць у Астрахань у разабраным стане. У Расіі іх ужо збяруць, пафарбуюць, нанясуць расійскія маркіроўкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі