Данузлаў уан лау. На прарасійскі форум у Крыме прыехаў усяго адзін беларус

Форум-лагер "Данузлаў" / Сяргей Бабурын
Форум-лагер "Данузлаў" / Сяргей Бабурын

На форум-лагер прарасійскіх сіл "Маладая Гвардыя. Данузлаў-2019 ", які праходзіў у жніўні ў Крыме, прыехаў усяго адзін беларус, дый той аказаўся аўтарам сайта САНАР-2050. Хоць на форуме беларускі сцяг горда красаваўся на цэнтральным месцы.

У тэлеграме беларусаў абвінавачваюць у "распіле" грошай, выдзеленых на агітацыю моладзі ўдзельнічаць у форуме. Замест таго каб прывезці людзей з Беларусі, арганізатары з беларускага боку нібыта "гулялі" з прастытуткамі.

Еўрарадыё разбіраецца, што гэта за такі "патрыятычны" крымскі лагер, навошта там патрэбныя беларусы і ці сапраўды адбыўся "распіл".

Чырвоныя майкі і кепкі, непрызнаныя рэспублікі, настальгія па перамогах над НАТА

На ўрачыстым адкрыцці 13-га форуму-лагера "Данузлаў" каля 200 маладых людзей стаяць пад пякучым крымскім сонцам пасярод стэпу. На ўсіх аднолькавыя чырвоныя майкі з надпісам "Маладая гвардыя" і чырвоныя кепкі. Праўда, не відаць, ці ёсць на іх надпіс Make Russia Great Again.

На флагштоках лунаюць тры асноўныя сцягі: Расіі і Беларусі, а паміж імі камуністычнае палотнішча з сярпом і молатам. Крыху паводдаль размясціліся сцягі непрызнаных постсавецкіх рэспублік Іх павесілі трошкі ніжэй за сцягі суседзяў, чый суверэнітэт ніхто не ставіць пад сумнеў.

Донузлав уан лав. На пророссийский форум в Крыму приехал всего один белорус
Сяргей Бабурын

"Курсанты" стаяць літарай "П", што сімвалічна, у руках у іх сцягі ДНР, ЛНР, так званай Наваросіі. Слухаюць прамовы выступоўцаў. Вось адзін з іх пачынае расказваць, як 13 гадоў таму ён разам з іншымі гераічна блакаваў украінскі спецназ і перашкаджаў ім праводзіць "натаўскія вучэнні". Жнівеньская крымская спякота, чарнаморскі ветрык цярэбіць выпаленую стэпавую траву і хвастае па твары кварцавым пясочкам. Ты стаіш і слухаеш пра перамогу над НАТА.

Паводле інфармацыі арганізатараў "Данузлава", у 2019 годзе ўдзельнікамі сталі больш за 250 актывістаў з Расіі, Беларусі, Украіны. Акрамя іх на форум зачасалася поўная калода постсавецкіх непрызнаных рэспублік: ДНР, ЛНР, Абхазія, Паўднёвая Асеція і Прыднястроўе.

Лагер бярэ свой пачатак з "антынатаўскіх" пратэстаў 2007 года, калі крымская кампартыя і грамадскі рух "Рускі фронт" спрабавалі сарваць сумесныя ўкраінска-натаўскія вучэнні Sea Breeze.

Шэф-рэдактар САНАР-2050 Сямён Уралаў расказаў Еўрарадыё, што ён удзельнічае ў арганізацыі лагера "Данузлаў" яшчэ з 2008 года, чытае там лекцыі, а колькасць удзельнікаў ад Беларусі там заўсёды вагаецца:

"Летась ад Беларусі было каля 20 чалавек. У годзе 2013-м было больш за 50 чалавек. У 2014-м, у першы год уз'яднання Крыма, было каля 20 чалавек. Склад удзельнікаў увесь час мяняецца. Ці то ў 2016-м, ці то ў 2017 годзе наогул нікога ад Беларусі не было. Раней было прасцей, калі быў прамы цягнік".

"Ніякага спецыяльнага фінансавання, каб давезці, няма"

На сайтах выданняў, не дапушчаных да дзяльбы расійскіх грошай, пра Уралава і Белякова публікуюць розную супярэчлівую інфармацыю. Так, выданне "Торба" расказвае, што Уралаў і Белякоў "выдзеленыя Міністэрствам абароны РФ і Адміністрацыяй прэзідэнта РФ сродкі на дастаўку і забеспячэнне беларусаў у лагеры "Данузлаў" прысвоілі сабе". А прысвоенае "прагулялі ў Крыме".

Донузлав уан лав. На пророссийский форум в Крыму приехал всего один белорус

Сямён Уралаў абвяргае гэтую інфармацыю і заяўляе, што лагер арганізуецца на добраахвотных пачатках і кожны аплачвае сабе дарогу сам:

"Хтосьці дзесьці штосьці публікуе, ананімна на невядомых сайтах. Гэты лагер пабудаваны на добраахвотных асновах. Курсанты павінны самі дабрацца, ніякага спецыяльнага фінансавання, каб давезці, няма. Людзі самі адшукваюць сродкі, каб даехаць. Гэтаксама і лектары, яны таксама за свае сродкі дабіраюцца. Наколькі я ведаю, Дзмітрый Белякоў ужо быў на той момант у Крыме, гасцяваў там і заехаў у лагер".

Адзіным беларусам, які апынуўся на гэтым свяце жыцця, быў Дзмітрый Белякоў. Аўтар прарасійскага сайта "САНАР-2050", які расказвае пра перспектывы ЕАЭС і "Саюзнай дзяржавы", а таксама дырэктар Цэнтра вывучэння перспектыў інтэграцыі ЕАЭС, размешчанага ў Маскве.

"Так, з грамадзян Беларусі я быў адзіны. Адна вялікая дэлегацыя беларусаў, чалавек 15, не прыехала. У апошні момант іх "кінуў" перавозчык", — тлумачыць Дзмітрый Белякоў адсутнасць на форуме іншых беларусаў.

На ўкраінскім сайце "Міратворац", дзе публікуюць інфармацыю пра людзей, якія ўяўляюць небяспеку для нацыянальнай бяспекі Украіны, расказваюць, што Дзмітрый ужо не першы раз наведвае "Данузлаў", Крым і непрызнаныя рэспублікі Данбаса.

Донузлав уан лав. На пророссийский форум в Крыму приехал всего один белорус

"Я ўвогуле спартсмен, а пра мяне пішуць усякую гадасць, што я алкаголік"

Дзмітрый — эксперт Інстытута вывучэння міжнародных адносін Пекінскай акадэміі грамадскіх навук. Перыядычна дае каментарыі на тэму беларуска-кітайскіх адносін прарасійскім сайтам накшталт беларускай службы "Спутніка". На форуме ён расказваў слухачам пра "кітайскія кланы", пра палітыку ЗША ў адносінах да Кітая.

"У лагеры няма падзелу на лектараў і слухачоў. Я быў часткова там як лектар, гэта значыць як. Там праводзяцца заняткі, іх можа праводзіць любы ахвотны, калі ён кампетэнтны".

Пра Дзмітрыя Белякова распаўсюджваюцца самыя розныя чуткі праз адыёзныя прарасійскія тэлеграм-каналы. Там яго абвінавачваюць у "распіле" расійскіх грошай і ў тым, што ён не мае ніякага дачынення да інстытутаў кітаязнаўства.

Донузлав уан лав. На пророссийский форум в Крыму приехал всего один белорус

Дзмітрый аказаўся ў курсе "брудных чутак", якія пра яго распаўсюджваюць сумнеўныя крыніцы. Паводле яго слоў, гэта робяць трое былых калег:

"Так, ёсць у нас тройца людзей, якія раней з намі працавалі, а цяпер перайшлі на другі бок і пачалі праз тыя ж тэлеграм-каналы ўкідваць інфармацыю, якая ніякага дачынення да рэальнасці не мае. Я наогул спартсмен, быў у Еўпаторыі, а яны пішуць пра мяне ўсякую гадасць, што я алкаголікам з'яўляюся. Ці што за бутэльку гарэлкі дыплом купіў. Гэта смешна. Дзіцячы сад".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі