ДДТ вязе ў Мінск новую праграму "Гісторыя гуку"
Крыху больш за год таму Юрый Шаўчук распавёў, што працуе над музычным экскурсам у доўгую і прадуктыўную гісторыю ДДТ. Гурт быў створаны ў раннія 80-я, і яшчэ да распаду СССР паспеў запісаць 7 альбомаў. Каб сабраць "Гісторыю гуку", Шаўчук адклаў падрыхтоўку новага матэрыялу. Што атрымалася — беларусы змогуць убачыць і пачуць 15 лістапада ў "Мінск-Арэне".
Назва канцэрту сімвалічная: у праграме сабраныя песні з розных эпох, пачынаючы 1980-мі і заканчваючы сучаснасцю. Увесь гэты час гучанне ДДТ змянялася: ад прымітыўнага гітарнага року да лірычных баладаў, ад жорсткага саўнду "Мира номер ноль" да эксперыментаў з электронікай, ад рытм-энд-блюзу да industrial. Гучанне было розным, але галоўнае заставалася ў ДДТ нязменным: любоў да чалавека, які жыве ў найноўшыя часы, у часы пераменаў.
"Наша жыццё — гэта гісторыя гуку, і гук для нас шмат значыць, — тлумачыць сваю канцэпцыю Юрый Шаўчук. — Першае, што мы пачулі, гэта як б'ецца сэрца нашай маці. А калі мы ехалі з Орска, па стэпах, мне мроіўся гук коней, дзікага поля, птушак, калі яшчэ не было чалавека і хадзілі маманты. А потым прыйшоў чалавек і прыўнёс у свет зусім іншы гук — часам страшны, часам дзіўны, выдатны, гарманічны".
Крытыкі кажуць, што шоў прысвечанае маленькаму чалавеку: таму, на што ён здольны, і што ён варты не жалю, а павагі. Гэты лейтматыў праходзіць скрозь творчасць групы, ад самых першых да самых новых песень.
У праграме гучаць хіты розных гадоў: "Рождённый в СССР", "Глазища", "Ветер", "В последнюю осень", "Это всё", "Просвистела", "Родина" — усяго больш за 30 кампазіцый.
ДДТ распавядзе сваю "Гісторыю гуку" 15 лістапада ў "Мінск-Арэне". Пачатак, у 20:00. Квіткі паступілі ў продаж 25 ліпеня, яны каштуюць ад 35 да 95 рублёў (танцпол — 60, фан-зона — 75 рублёў). Набыць іх можна на сайце арганізатара мерапрыемства — канцэртнага агенцтва "Атам інтэртэйнмэнт" — а таксама на сайтах білетных аператараў і ў касах горада.