Дэпутат Гайдукевіч за год правёў 984 сустрэчы з выбаршчыкамі: як такое магчыма

Алег Гайдукевіч / Еўрарадыё
Алег Гайдукевіч / Еўрарадыё

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў зрабілі справаздачу перад выбаршчыкамі аб праведзенай рабоце за 2020 год. Справаздачы большасці з іх можна знайсці ў адкрытым доступе: навядзенне парадку на тэрыторыі выбарчага ўчастка, удзел у дзяржаўных мерапрыемствах і іншыя падобныя падзеі цікавага дэпутацкага жыцця.

Увагу Еўрарадыё прыцягнула колькасць сустрэч дэпутатаў з грамадзянамі, а менавіта аднаго канкрэтнага — лідара партыі ЛДПБ Алега Гайдукевіча.

Толькі ўчытайцеся:

"За справаздачны перыяд мною праведзены 580 сустрэч у працоўных калектывах, 215 прыёмаў грамадзян, 30 прамых тэлефонных ліній, прынята 984 выбаршчыкі, разгледжана 327 зваротаў", — піша Гайдукевіч.     

Лёгкімі матэматычнымі вылічэннямі атрымліваем, што Гайдукевічу ў дзень даводзілася праводзіць ад 1 да 2 сустрэч у працоўных калектывах і прымаць ад 2 да 3 выбаршчыкаў. Алег Сяргеевіч, вы наогул начуеце дома?

Каб зразумець, шмат гэта ці мала, параўнаем "паказанні сустрэч" у іншых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Валерый Варанецкі правёў 30 сустрэч у працоўных калектывах, 21 прыём грамадзян, прыняў больш за 70 выбаршчыкаў. Андрэй Савіных арганізаваў 28 сустрэч у працоўных калектывах, 9 прыёмаў грамадзян і прыняў 68 выбаршчыкаў.    

Па некаторых паказчыках Алег Гайдукевіч "абскоквае" сваіх парламенцкіх калег у дзесяць разоў! Але пры гэтым летась COVID-19 падхапілі менавіта Варанецкі і Савіных, а актыўны лідар ЛДПБ, нягледзячы на шчыльны графік, вірусу не паддаўся.

Як наогул магчыма правесці столькі сустрэч? Ці не адбылося памылкі ў лічбах пры складанні справаздачы? З гэтымі пытаннямі Еўрарадыё звярнулася непасрэдна да Алега Гайдукевіча.

У адказ мы чакалі атрымаць каронную фразу дэпутата "Я — рэальны палітык, а не фэйсбучны!", якой ён звычайна цвеліць апанентаў улады. Аднак сваю высокую яўку на сустрэчах з выбаршчыкамі ён растлумачыў інакш:

Депутат Гайдукевич за год провёл 984 встречи с избирателями: как такое возможно

"Прэзідэнцкая кампанія наклала свой адбітак. Я ж аб'ехаў усе рэгіёны. Вось, напрыклад, калі быў у Гомельскай вобласці, то вы не ўяўляеце: у дзень бывала да 15 сустрэч. Я ж быў даверанай асобай [кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі. — Еўрарадыё]. Разумею, чаму лічбы збянтэжылі. Сам спачатку спалохаўся — нават паменшыць хацеў, але напісаў як ёсць. Гэта ўсё пацвярджаецца дакументальна".

Еўрарадыё: А "984 сустрэчы з выбаршчыкамі" — гаворка пра людзей з вашай акругі?

"Не, вядома. У маім Першамайскім раёне такой лічбы блізка б не было. Гэта выбаршчыкі з усёй краіны — і як лідар партыі, і ў рамках прэзідэнцкай кампаніі. Я не падзяляю дэпутацкую працу і партыйную.

Можна мяне любіць ці не любіць, прытрымлівацца іншых поглядаў, але падчас прэзідэнцкай кампаніі я быў досыць актыўны".

Атрымліваецца, Гайдукевіч плюсануў у дэпутацкую карму выбаршчыкаў не толькі сваіх непасрэдных, але і лукашэнкаўскіх. Удакладняць, дзе чые, не стаў. Аднак не будзем моцна чапляцца.

Як ідуць справы з сустрэчамі ў іншых дэпутатаў?

Былая "Міс Беларусь" Марыя Васілевіч справаздачу аб праведзенай рабоце за год пакуль не прадставіла. Магчыма, моцна радуецца адноўленаму акаўнту ў інстаграме і пакуль не да гэтага.

Былы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі і лідар грамадскай арганізацыі "Белая Русь" Генадзь Давыдзька сціплы нават па мерках Варанецкага і Савіных: усяго 18 асабістых прыёмаў грамадзян, падчас якіх пагутарыў з 63 выбаршчыкамі, сустрэч з працоўнымі калектывамі не было зусім.

Аднак экс-прапагандыст адзначыў колькасць сваіх з'яўленняў у СМІ. Мяркуючы па справаздачах іншых дэпутатаў, гэта было наогул не абавязкова, але Давыдзька вырашыў пахваліцца. І ёсць чым! "Удзел у 12 тэлепраграмах і ток-шоу, даў 26 інтэрв'ю, з іх 18 на тэлебачанні, 3 на радыё, 5 у друкаваных і сеткавых выданнях".

З незалежных СМІ Давыдзька за год усяго толькі тройчы наведаў TUT.by, часцей жа мільгаў у дзяржаўных медыя. Не грэбаваў дэпутат сваім з'яўленнем і ў расійскіх прапагандыстаў: чатыры разы з'явіўся ў эфіры "60 хвілін" на "России 1" і шэсць разоў — у вячэрнім шоу Уладзіміра Салаўёва.

І праўда, навошта рабіць стаўку на асабістыя сустрэчы з выбаршчыкамі, калі можна проста "пагутарыць" з імі з экранаў расійскага тэлебачання?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі