Дэпутат Палаты прадстаўнікоў: Далучэнне Крыма да Расіі — гэта правільна

“Нічога вам гаварыць не буду, бо не ведаю. Не магу адказаць на гэтае пытанне”, — кажа Еўрарадыё сакратар парламенцкай камісіі. І раіць звярнуцца наўпрост да дэпутатаў — яны зараз працуюць у акругах, у сталіцу прыедуць толькі за тыдзень да пачатку парламенцкай сесіі.

Пакуль спрабую знайсці дэпутатаў па ўсёй Беларусі, у Крамлі прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісвае з новаабраным кіраўніцтвам паўвострава пагадненне аб уваходжанні Крыма і Севастопаля ў склад Расіі ў якасці двух новых суб’ектаў федэрацыі. Зала вітае гэта стоячы і авацыямі.

Сябра пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах дэпутат Віктар Фесак гаворыць, што камісія можа разгледзець “крымскае пытанне” на хуткай сесіі. Пакуль жа сітуацыя з паўвостравам не зусім зразумелая.

“Зараз прымаюцца рашэнні. Тыя альбо іншыя. Калі прымуцца — то будуць зразумелымі. Праз тыдзень мы ўсе вернемся і думаю, што будзем працаваць”.

Тым часам на сайце Палаты прадстаўнікоў паведамляецца, што некаторыя камісіі ўсё ж збіраюцца і працуюць у Мінску. У прыватнасці, камісія па працы і сацыяльных пытаннях, якая зладзіла круглы стол аб праблемах інвалідаў. А дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў з намеснікам кіраўніка на чале наведвае Жэневу, дзе сустракаецца з парламентарыямі. Паведамляецца, што “члены беларускай дэлегацыі прынялі ўдзел у пасяджэннях Выканаўчага камітэта, кіруючага савета, Каардынацыйнага камітэта жанчын-парламентарыяў, пастаянных камітэтаў міжпарламенцкага савета па пытаннях міру і міжнароднай бяспекі, а таксама дэмакратыі і правоў чалавека”.

Просіць пачакаць з прыняццем рашэнняў і заяваў і яшчэ адзін дэпутат з камісіі па міжнародных пытаннях. Міхаіл Савановіч гаворыць, што пакуль дэпутаты працуюць у сваіх акругах і занятыя справамі выбаршчыкаў. Да глабальных пытанняў сусветнай палітыкі змогуць вярнуцца пасля вяртання ў Мінск. А што датычыць асабістага погляду на сітуацыю, то спадар Савановіч ацэньвае яе пазітыўна. Маўляў, крымчане хочуць жыць у Расіі — хай і жывуць там.

“Я лічу, што народ мае права вырашаць. Калі людзі вырашылі быць з Расіяй, то гэта правільна”.

Так што пакуль застаецца задавольвацца не самай зразумелай пазіцыяй беларускага МЗС і кіраўніка краіны Лукашэнкі. Парламент калі і выкажацца, то не раней за 2 красавіка. Праўда, сітуацыя ў расійска-ўкраінскім канфлікце развіваецца настолькі хутка, што праз тыдзень можа з’явіцца куды больш актуальнае пытанне, а ўваход Крыма ў склад Расіі стане ўжо не такой злабадзённай праблемай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі