Дэпутат пра праект бюджэту: Я паглядзеў, але яшчэ не пачытаў пакуль

Дэпутат пра праект бюджэту: Я паглядзеў, але яшчэ не пачытаў пакуль

Праект бюджэту на 2016 год паступіў у Палату прадстаўнікоў толькі бліжэй да вечара 16 снежня. Пры тым, што ў дэпутатаў засталося толькі два дні да заканчэння сесіі. Не, сумневаў у тым, што бюджэт дэпутаты да Новага года прыняць паспеюць, не было — як вядома, з законапраектамі нашы парламентарыі ўмеюць працаваць аператыўна. Іншая справа, колькі ім на гэта спатрэбіцца часу і ці не давядзецца прызначаць пазачарговую сесію.

У пераліку пытанняў, якія народныя абраннікі разглядаюць на пасяджэнні  раніцай 17 снежня, пра праект бюджэту ні слова. Але супрацоўнікі прэс-службы папярэджваюць журналістаў: разгляд законапраекта ў першым чытанні прызначаны на 16 гадзін гэтага ж дня. Яшчэ да пачатку пасяджэння цікаўлюся ў дэпутатаў, ці паспелі яны хаця б азнаёміцца з канчатковай версіяй праекта бюджэту на наступны год.

“Я паглядзеў, але яшчэ не пачытаў пакуль тое, што прадставілі, — шчыра прызнаецца намеснік старшыні камісіі па нацыянальнай бяспецы Уладзімір Базанаў. — Ведаеце, я цяпер дакладаю па зусім іншым пытанні, таму давайце мухі асобна, а катлеты — асобна!”

Уладзімір Базанаў побач са старшынёй Памежнага камітэта Леанідам Мальцавым

У Авальную залу заходзіць намесніца старшыні камісіі па міжнародных справах Ганна Лявіцкая. Яна сёння прадстаўляе законапраект, датычны знешняй міграцыі. Але ж праект бюджэту павінныя прачытаць усе!

“Мы яго да гэтага разглядалі вельмі доўга ў “нулявым чытанні”, абмяркоўвалі вельмі шырока. Таму я думаю, што радыкальных зменаў там не адбылося”, — адказвае дэпутат.

                                   Ганна Лявіцкая

Гэта можна разумець так, што пакуль да вывучэння канчатковай версіі дакумента, якую ў парламент даслалі з прэзідэнцкай адміністрацыі, рукі не дайшлі?

Перахопліваю ля дзвярэй залы пасяджэнняў старшыню камісіі па міжнародных справах Віталя Бусько. Задаю тое ж пытанне наконт праекта бюджэту: “Ці паспеў прачытаць?”. Дэпутат усміхаецца і гэтак жа з усмешкай, не спыняючы хады, адказвае: “Да, да”.

                                                   Віталь Бусько

Пасяджэнне ў дэпутатаў 17 снежня атрымалася кароткім — разглядалі толькі тры законапраекты. І ўжо праз дзве гадзіны яны імкліва разыходзяцца з Авальнай залы. Падыходжу да “дэпутацкай групы” з чатырох чалавек ля ліфта. Такі вось атрымліваецца дыялог. На жаль, усіх дэпутатаў у твар я не ведаю, таму хай іх імёны застануцца невядомымі.

Еўрарадыё: Ці паспелі вы прачытаць канчатковую версію праекта бюджэту?

“Не паспела”, — прызнаецца першая з апытаных.

“Чытала, сёння раніцай прачытала і пайду далей працаваць”, — адказвае другая.

Еўрарадыё: Гэты варыянт моцна адрозніваецца, шмат дадаткаў ці зменаў?

“Не, не моцна”

З пытаннем “А вы ці паспелі прачытаць?” паварочваюся да двух іншых дэпутатаў.

“Не паспеў”, — коратка адказвае мужчына.

“Я да канца не паспела, але ўжо шмат прачытала — правак няшмат, але яны ёсць”, — кажа Зінаіда Мандроўская.

                                                                         Зінаіда Мандроўская

Пацікавіцца праўкамі не паспяваю: пад’язджае ліфт, і дэпутаты развітваюцца. Да 16 гадзін. А да таго часу ў закрытым рэжыме над законапраектам будзе працаваць камісія па бюджэце — рыхтаваць сваё заключэнне.

І ўжо вядома, што ў другім чытанні праект бюджэту дэпутаты разгледзяць на наступны дзень — 18 снежня.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі