Дэпутат Савіных: Беларусь — гэта краіна, у якой няма аднароднай этнічнай асновы
З нечаканай заявай выступіў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных. У сваім артыкуле на сайце дзяржагенцтва БЕЛТА ён заявіў, што беларуская нацыя не мае аднароднай этнічнай асновы.
"Беларусь — гэта краіна, у якой няма аднароднай этнічнай асновы. Наша грамадзянская нацыя фармуецца на аснове як мінімум пяці нацыянальнасцяў, якія можна назваць тытульнымі. У Беларусі шырока распаўсюджаныя як мінімум тры царквы, якія прадстаўляюць хрысціянскую традыцыю, — праваслаўе, каталіцызм і пратэстанцтва. Але да традыцыйных вераванняў можна аднесці і юдаізм, і мусульманства", — пералічвае экс-дыпламат.
Амаль усе сцвярджэнні Савіных абгрунтаваныя, акрамя першага. Дагэтуль навукоўцы заяўлялі, што беларуская нацыя сфармавалася на аснове адзінага беларускага этнасу. Не выключана, што экс-дыпламат зрабіў навуковае адкрыццё.
Для кансалідацыі беларускага грамадства Савіных лічыць неабходным развіваць і падтрымліваць палітычныя партыі. Аднак падтрымку ён прапаноўвае рабіць выбарачна: "Калі я кажу пра партыі як пра палітычныя інстытуты Беларусі, калі я прапаную абмеркаваць пытанне пра мэтанакіраваную палітыку па падтрымцы палітычных партый, я маю на ўвазе толькі партыі, якія гатовыя будуць канструктыўна і цывілізавана супрацоўнічаць адна з адной".
На думку Савіных, партыі, якія бачаць адзін у адным непрымірымых ворагаў, не здольныя сфармаваць падмурак для існавання грамадства.
"Гэта значыць, што ўзаемнае ўспрыманне адзін аднаго павінна змяніцца або структуры, якія не змогуць сфармаваць рэальную, а не ўяўную гатоўнасць да супрацоўніцтва, павінны быць па магчымасці выключаныя з палітычнага працэсу", — заяўляе ён.
Заяву Савіных хутчэй за ўсё варта разглядаць у рамках падрыхтоўкі канстытуцыйнай рэформы, заяўленай Аляксандрам Лукашэнкам. Выступ дэпутата можа азначаць, што ў Канстытуцыі будзе прадугледжаная дзяржаўная падтрымка праўладных партыяў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.