Добраахвотніцу з палка Каліноўскага параніла падчас расійскага ракетнага ўдару

Анастасія "Север" Махамет / svaboda.org
Анастасія "Север" Махамет / svaboda.org

На мінулым тыдні на данецкім напрамку атрымала траўму камандзір эвакуацыі батальёна "Волат" палка Кастуся Каліноўскага Анастасія "Север" Махамет. Як перадае Радыё "Свабода", пашкоджанне дзяўчына атрымала, калі па горадзе, дзе яны размяшчаліся, ударыла расійская крылатая ракета.

"Пацярпела машына, два медыкі і нейкім цудам ніяк не пацярпеў кіроўца. Машына едзе, але пэўныя праблемы з рухавіком усё ж маюцца. Ад аскепкаў аўтамабіль не пацярпеў, а вось камянямі пабіла — дзверы выбіла, шкло", — расказвае добраахвотніца.

Анастасіі ў галаву трапіў камень. Па яе словах, яна спачатку не магла зразумець, што адбываецца: "З пярэпалаху кіроўца кажа: "Трэба звальваць". Якое звальваць — мы ж медыкі. Пабеглі ў бок прылёту разбірацца, найперш эвакуявалі на машыне без дзвярэй цяжка параненых. Мне кепска стала толькі праз пару гадзін, у мяне стаў заплятацца язык і здавалася, што вось-вось адключуся. Адразу я нават не зразумела, што ў мяне апухла вуха, драпіна за ім. Першы час было максімальна не да гэтага".

Выявілася, што ў дзяўчыны чэрапна-мазгавая траўма.

Другі медык атрымаў моцную кантузію. Ён цяпер на лячэнні, як і Анастасія.

Праз пару дзён пасля гэтага здарэння пад абстрэл трапіў яе сабака Шэры, які заставаўся з іншымі медыкамі. У яго знайшлі рану на лапе. У ветэрынарнай клініцы хірург дастаў аскепак, які захрас між косткамі.

Сама "Север" цяпер ірвецца зноў на фронт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі