Дом Уладзіміра Караткевіча ў Оршы выставілі на продаж
У Оршы на продаж выставілі дом, у якім жыў вядомы пісьменнік Уладзімір Караткевіч, піша мясцовы сайт orsha.eu.
Дом размешчаны насупраць радзільні на вуліцы, якая носіць імя самога пісьменніка. У гэтым доме Караткевіч напісаў адзін з самых вядомых сваіх твораў — "Дзікае паляванне караля Стаха". У гэты дом прыязджалі яго сябры, у тым ліку Генадзь Бураўкін і Рыгор Барадулін.
Пасля пераезду Уладзіміра Караткевіча ў Мінск у доме засталіся жыць ягоныя бацькі. Пасля іх смерці ў доме жыла пляменніца пісьменніка з мужам. Цяпер памерлі і яны. Новая ўладальніца выставіла дом на продаж.
Паведамляецца, што цяперашняя гаспадыня дома жыве ў Адэсе Гэта траюрадная пляменніца Уладзіміра Караткевіча. Раней дом здаваўся ў арэнду, цяпер у ім ніхто не жыве.
Дарэчы, дом не з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і не ахоўваецца дзяржавай. Пра Караткевіча нагадвае шыльда на будынку. Рэчы з дома знаходзяцца ў музеі Караткевіча: іх падарыла музею цяперашняя гаспадыня дома. Выкупіць дом і зрабіць у ім дом-музей на цяперашні момант музей Караткевіча не можа па фінансавых прычынах.
На сайце realt.by ёсць абвестка аб продажы дома — за яго хочуць амаль 34 тысячы рублёў (каля 17 тысяч долараў). Таксама тут можна пабачыць інтэр'ер дома знутры.