Другое пакаранне смерцю ў Іране: мужчыну павесілі праз 23 дні пасля арышту
Праваабаронцы асцерагаюцца, што пакаранні могуць зрабіцца масавымі / pixabay
Іран заявіў, што выканаў другі смяротны прысуд, звязаны з антыўрадавымі пратэстамі, піша ВВС.
Дваццацітрохгадовы Маджыдрэза Рахнавард быў публічна павешаны раніцай у панядзелак у горадзе Мешхед. Яго судзілі паводле абвінавачання ў забойстве двух чальцоў іранскага ваенізаванага апалчэння.
Праваабарончыя арганізацыі падкрэсліваюць, што смяротны прысуд быў вынесены на падставе атрыманых пад прымусам паказанняў і пасля паказальнага судовага працэсу. Рахнавард быў павешаны ўсяго праз 23 дні пасля арышту.
Гэта другое смяротнае пакаранне, звязанае з пратэстамі ў Іране. Першае пакаранне адбылося ў мінулы чацвер. Махсэн Шэкары быў асуджаны паводле абвінавачвання ў нападзе з мачэтэ на чальца Басідж у Тэгеране.
Дырэктар арганізацыі па правах чалавека ў Іране, якая базуецца ў Нарвегіі, Махмуд Аміры-Магхадам лічыць, што існуе рызыка масавага пакарання смерцю пратэстоўцаў.
Журналіст ВВС Касра Наджы кажа, што пакуль незразумела, ці дапамогуць пакаранні смерцю пакласці канец пратэстам, якія ахапілі краіну, ці, наадварот, падліюць алею ў агонь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.