Дзверы зачыняюцца: у беларускіх калоніях ужо нельга атрымаць вышэйшую адукацыю
У 2015-м у беларускіх папраўчых установах запусцілі праект "Адукацыя адчыняе дзверы" / sb.by
У 2015-м у беларускіх папраўчых установах пры падтрымцы Еўрасаюза запусцілі праект "Адукацыя адчыняе дзверы". Дзякуючы гэтай ініцыятыве зняволеныя змаглі дыстанцыйна атрымліваць вышэйшую адукацыю. Але ў канцы 2019 года праект раптам згарнулі. Разам з адным з экс-студэнтаў разбіраемся чаму.
Асцярожна, дзверы адчыняюцца
Праект "Адукацыя адчыняе дзверы" стартаваў 13 кастрычніка 2015 года — у Міжнародны дзень адукацыі ў турмах. Першай да яго падключылася гомельская жаночая калонія. Да 2019 года ў праекце ўдзельнічалі 8 папраўчых устаноў, а колькасць студэнтаў перавысіла 150 чалавек.
У калоніях абсталявалі спецыяльныя кабінеты дыстанцыйнага навучання з камп'ютарамі. Доступ у інтэрнэт быў абмежаваны: за любыя спробы абысці сістэму абароны — неадкладнае выключэнне.
Асуджаным прапаноўвалася 8 розных спецыяльнасцяў. Вывучыцца можна было на псіхолага, эканаміста і нават айцішніка. Тэрмін навучання — такі ж, як у "грамадзянскіх" студэнтаў. Вучоба каштавала каля 700 долараў у год.
Вынікамі эксперымента ў МУС былі задаволеныя. Аляксандр Кралько, намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі папраўчага працэсу Дэпартамента выканання пакаранняў, расказваў, што вучоба дысцыплінуе і матывуе асуджаных:
"Калі сфармуляваць коратка мэту праекта, то гэта паспяховая рэсацыялізацыя асуджаных. Мы даём магчымасць не патраціць дарма час, праведзены ў папраўчай установе, атрымаць веды, выйсці на волю з дыпломам дзяржаўнага ўзору без усялякіх паметак і паспяхова працаўладкавацца".
Праўда, супрацоўнічаў з Дэпартаментам выканання пакаранняў МУС толькі Мінскі інавацыйны ўніверсітэт (МІУ).
Асцярожна, дзверы зачыняюцца
Аляксей (імя зменена) з 2012 года адбываў пакаранне ў беларускай калоніі за распаўсюджанне "дызайнерскіх" наркотыкаў. Як толькі яго папраўчая ўстанова далучылася да праекта "Адукацыя адчыняе дзверы", хлопец вырашыў у ім паўдзельнічаць.
Праўда, атрымаць дыплом па эканамічнай спецыяльнасці яму так і не ўдалося. Не давучыўся ўсяго адзін курс — праект прыпынілі. Сёння Аляксей — на волі. Ён расказаў Еўрарадыё, як усё адбывалася:
"Праект стартаваў у 2016 годзе. Рэктар МІУ Мікалай Суша быў вельмі зацікаўлены ў ініцыятыве. Камп'ютары прывёз сам. Тады ж і апыталі ахвотных навучацца. Адвучыўся я два гады, а пасля гэтага пачаліся "хваляванні" з боку Мінадукацыі. Прад'явілі прэтэнзію да таго, што мы не праходзім практыку. Маўляў, без вочнай практыкі атрымліваецца няпоўная адукацыя. Праз час нам сказалі напісаць заявы на адлічэнне".
У інтэрв'ю "Белорусскому партизану" рэктар МІУ расказаў, што ў траўні 2019 года атрымаў ліст ад міністра адукацыі Ігара Карпенкі. У ім чыноўнік сцвярджаў, што кантакт з выкладчыкам быць дыстанцыйным не можа.
У жніўні міністр змяніў свой пункт гледжання, але было ўжо позна. Усе студэнты праекта "Адукацыя адчыняе дзверы" да таго часу ўжо адлічыліся.
"Няма цяпер у беларускіх турмах вышэйшай адукацыі. Шэсць гадоў была, мяне прасіла пра гэта МУС, таму што ні адна ВНУ не пагадзілася на гэтую справу, не гатовыя былі, у тым ліку і тэхнічна. Хоць гэты праект быў для мяне стратным, трэба было і аўтобус наймаць, і дзяржкамісію адпраўляць да зняволеных, камп'ютары я свае туды паставіў. Але я лічыў, што ўношу нейкую інавацыйную лепту, што спрыяю адаптацыі зняволеных да нармальнага жыцця", — расказваў Мікалай Суша.
Увосень у МІУ пачаліся жорсткія праверкі. У лістападзе ўніверсітэту не працягнулі акрэдытацыю па некалькіх спецыяльнасцях.
Спыніў сваё існаванне і праект "Адукацыя адчыняе дзверы". Іншыя ўніверсітэты да ініцыятывы не падключыліся. Асуджаным студэнтам, якія не паспелі атрымаць дыплом, выдалі акадэмічныя даведкі і вярнулі грошы за аплачаны семестр.
"Кабінет зачынены, ніхто не вучыцца, тэхніка стаіць без справы... Тыя, хто вызваліўся з калоніі, пераводзяцца ў іншыя ВНУ. Я вось таксама планую ў верасні паступіць у БДУІР. Дзякуючы праекту я вывучыў у калоніі асновы мовы праграмавання і англійскую. Цяпер стажыруюся ў ІТ-кампаніі", — дзеліцца планамі экс-зняволены Аляксей.
Дзверы яшчэ адчыняцца?
Каб даведацца, ці адновіцца праект па атрыманні вышэйшай адукацыі ў месцах пазбаўлення волі, Еўрарадыё звярнулася па каментар у Дэпартамент выканання пакаранняў МУС.
"Супольны праект "Адукацыя адчыняе дзверы" спыніў сваё існаванне ў сувязі з завяршэннем тэрміну яго рэалізацыі. Нягледзячы на гэта, досвед яго рэалізацыі знайшоў адлюстраванне ва ўнясенні змен у заканадаўства. У прыватнасці, у 109 артыкул Крымінальна-выканаўчага кодэкса.
Сёння, у адпаведнасці з артыкулам, у папраўчых установах ствараюцца ўмовы асуджаным для атрымання сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ў дыстанцыйнай форме", — адказаў нам намеснік начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Уладзіслаў Мандрык.
Умовы ствараюцца. Аднак, пакуль праект не падтрымае які-небудзь з беларускіх універсітэтаў, магчымасць вучыцца ў асуджаных не з'явіцца. Але ці здольны хтосьці дзеля таго, каб дапамагчы некалькім дзясяткам зняволеных пасля вызвалення ўліцца ў новае жыццё, пайсці супраць волі міністра адукацыі?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.