Дзякуючы ўцекачам, у Германіі стварылі дзясяткі тысяч новых працоўных месцаў

Дзякуючы ўцекачам, у Германіі стварылі дзясяткі тысяч новых працоўных месцаў

Вялікая колькасць мігрантаў прывяла да стварэння новых працоўных месцаў у Германіі. Адно толькі ведамства па справах міграцыі за год падвоіла свой штат. Таксама ФРГ у найбліжэйшы час дадаткова спатрэбяцца 25 тысяч настаўнікаў, каля 14 тысяч выхавацеляў у дзіцячых садках і тысячы сацыяльных работнікаў. Рост занятасці назіраецца таксама ў будаўнічай галіне, на ахоўных прадпрыемствах, у мясцовых органах улады. Але ўлады краіны ўсё ж чакаюць росту беспрацоўя ў сярэднетэрміновай перспектыве.

З пачатку верасня 2015 года да канца ліпеня 2016 года ў нямецкай камп’ютарнай сістэме EASY, якая ананімна рэгіструе ўцекачоў, было зафіксавана 900 623 чалавекі.

Найвялікшая колькасць мігрантаў прыбыла ў Германію восенню мінулага года. А з пачатку 2016 года паказчыкі рэзка пачалі змяншацца. Калі ў студзені EASY зарэгістравала прыкладна 91 600 чалавек, то ў чэрвені — толькі 16 300, паведамляе Deutsche Welle.

Дзякуючы ўцекачам, у Германіі стварылі дзясяткі тысяч новых працоўных месцаў
Фота: Deutsche Welle

Цікава, што летась афіцыйны прытулак атрымалі толькі 50% тых мігрантаў, якія прасілі аб ім. Сёлета станоўчых рашэнняў было больш — каля 60%.

Нямецкае выданне прыводзіць лічбы, колькі краіна выдаткоўвае на мігрантаў:

“Паводле некаторых даследаванняў, у Германіі на ўтрыманне аднаго бежанца траціцца ад 12 да 20 тысяч еўра. На падставе гэтых ацэнак і ўласных разлікаў Міністэрства фінансаў з федэральнай казны выдаткуе на ўцекачоў каля 20 млрд еўра штогод”.

Дзякуючы ўцекачам, у Германіі стварылі дзясяткі тысяч новых працоўных месцаў
Фота: Emilio Morenatti/AP

Тым часам, хоць і не ў такой колькасці, як летась, мігранты працягваюць прыбываць у Еўропу па моры. Італьянская берагавая ахова правяла 30 жніўня каля 30 выратавальных аперацый ля берагоў Сіцыліі. Ратавальнікі даставілі на бераг больш за 3 тысячы ўцекачоў з Паўночнай Афрыкі. Усяго за апошнія 4 дні было выратавана каля 13 тысяч мігрантаў, якія звычайна спрабуюць дабрацца з Лівіі да Італіі на невялікіх чаўнах. Пра гэта паведамляе Euronews.

У апошнія некалькі дзён мігранты пачалі часцей пераплываць да грэчаскіх берагоў. З пачатку гэтага тыдня туды дабралася каля 760 мігрантаў.

Тым часам Венгрыя збіраецца будаваць другую сцяну ўздоўж ужо існуючай агароджы на мяжы з Сербіяй. Пра гэта напярэдадні заявіў прэм’ер краіны Віктар Орбан.

Цяпер у лагерах на сербска-венгерскай мяжы застаецца каля 300 чалавек, большасць — з Афганістана і Пакістана.

Euronews прыводзіць словы прадстаўніка вярхоўнага камісарыята ААН па справах бежанцаў Эрно Шымана, які не задаволены ўмовамі жыцця ў гэтых лагерах:

“Жахлівая сітуацыя. Валасы ўстаюць дыбарам, калі бачыш тут гэтыя сем’і з маленькімі дзецьмі. Месяцамі яны жывуць у намётавых лагерах. Гэта нават не сапраўдныя намёты — халупы, пабудаваныя з коўдраў, плашчоў і нейлону”.

Але ў пераважнай большасці мігранты хочуць трапіць у Венгрыю не для таго, каб там застацца. Іх шлях ляжыць далей — у Германію.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі