Дзярждэп ЗША рэкамендаваў амерыканцам неадкладна пакінуць Беларусь
Дзяржаўны дэпартамент ЗША рэкамендаваў амерыканцам неадкладна пакінуць Беларусь: "Грамадзянам ЗША ў Беларусі варта неадкладна з'ехаць, скарыстаўшыся грамадскім ці прыватным транспартам". Галоўная прычына — сітуацыя вакол Украіны.
"Не здзяйсняйце паездак у Беларусь з-за праізволу ў выкананні мясцовых законаў, рызыкі затрымання, нарошчвання сіл Расіяй уздоўж мяжы Беларусі з Украінай, што выклікае непакой", — гаворыцца ў заяве Дзярждэпа. Іншай прычынай папярэджання называецца кавід і звязаныя з ім абмежаванні на ўезд.
Грамадзяне ЗША мусяць улічваць "непрадказальнасць" сітуацыі і "павышаную напружанасць" у рэгіёне. Як вядома, заходнія СМІ называюць датамі магчымай агрэсіі Расіі супраць Украіны бліжэйшыя дні.
Амерыканцам рэкамендавалі неадкладна пакінуць і Прыднястроўе.
Дзярждэпартамент нагадвае, што яшчэ 31 студзеня распарадзіўся аб ад'ездзе членаў сем'яў дзяржслужачых ЗША з амбасады ў Беларусі. Тады ж амерыканцам рэкамендавалася не наведваць нашу краіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.