Дзюдаіст Макараў траціць прытомнасць, а Несцярэнка прапускае чэмпіянаты

Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці трапяць алімпійскія чэмпіёны Афін Несцярэнка і Макараў на гульні ў Пекін. Нечакана высветлілася, што ў абодвух шанцаў мала Адзіная пасляафінская перамога дзюдаіста Ігара Макарава была на пачатку лютага, калі ён ўзяў “срэбра” на чэмпіянаце Еўропы ў Варшаве. Аднак гэтага медаля недастаткова, каб атрымаць ліцэнзію. Да таго ж Ігар перайшоў у больш важкую вагавую катэгорыю. Трэнер спартоўца Уладзімір Асін кажа, што Ігар зараз выступае на абязбольваючых уколах.


Уладзімір Асін: Ведаеце, надзея заўсёды памірае апошняй. Біцца будзем да апошняга і грызціся будзем за гэту Алімпіяду. Нядрэнна выступіў у Вене, хацелася, каб лепей выступіў у Францыі. Але ў Нямеччыне атрымаў прыстойную траўму. Вы мне зараз задаяце пытанні, а я з лекарамі толькі што на кансіліўме быў. Вырашаем, ці калоцца абязбольваючымі і стартаваць у Празе. Не магу вам сказаць, таму што я не Госпад Бог.


Трэнеру не вельмі падабаецца рашэнне спартоўца перайсці ў іншую вагавую катэгорыю, але ён прызнаецца, што прычыны такога рашэння вельмі грунтоўныя.


Уладзімір Асін: Пераход, канешне, пайшоў яму на карысць, але калі прыняў рашэнне змагацца ў “сотцы”, трэба так і было рабіць да канца. Аднак у яго пачала станавіцца вязкая кроў, праблемы з ціскам. Чалавек нават губляе прытомнасць на трэніроўках. Разумееце?


У красавіку стане дакладна вядома, ці паедзе Ігар на Алімпійскія гульні. Калі стан здароўя дазволіць Макараву паўдзельнічаць ў спаборніцтвах у бліжэйшыя два месяцы, тады спартовец зможа атрымаць ліцэнзію на Алімпіяду.

У падобнай сітуацыі і Юля Несцярэнка: пасля Алімпійскіх гульняў яна амаль не прымала ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах. На ўнутраных беларускіх чэмпіянатах алімпійскую ліцэнзію не атрымаць. Але ні Юля Несцярэнка, ні яе трэнер не захацелі каментаваць Еўрарадыё гэтую няпростую сітуацыю.

Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па лёгкай атлетыцы Анатоль Бадуеў нічога канкрэтнага сказаць Еўрарадыё таксама не змог: ён не назваў ніводнага спаборніцтва ў будучым, у якім збіраецца ўдзельнічаць Юля. Адзінае, што вядома – вясной Несцярэнка бегаць не будзе. Таму застаюцца толькі два летнія месяцы да Пекіна. На пытанне, якім чынам бягуха збіраецца атрымаць пуцёўку ў Пекін, Анатоль Бадуеў адказаў наступным чынам:


Анатоль Бадуеў: Улічваючы, што наша эстафета 4/100 мае ліцэнзію, калі яна трапіць у склад эстафеты, яна ўжо мае права прымаць удзел у Алімпійскіх гульнях. Вам гэтага дастаткова?
Еўрарадыё: Эстафета - гэта іншая тэма. Ці збіраецца яна атрымаць ліцэнзію на 100 метраў?
Анатоль Бадуеў: Ну, трэба атрымаць, канешне. Лета яшчэ наперадзе, яшчэ шмат стартаў.


Дзіўна, але трэнер Юліі Дзмітрый Несцярэнка некалькі месяцаў таму казаў Еўрарадыё, што ліцэнзію алімпійская чэмпіёнка атрымае… увесну:

Дзмітрый Несцярэнка: “У яе будзе час, каб зарабіць ліцэнзію. Усе адборы будуць праходзіць узімку і ўвесну”.

Але зімой Юля прапусціла чэмпіянат Еўропы, зараз прапускае чэмпіянат свету ў зале….

Дарэчы, алімпійскую ліцэнзію ў эстафеце 4/100 беларуская жаночая зборная атрымала без удзелу Юлі. Таму камусьці з дзяўчынак давядзецца саступіць ёй сваё месца ў Пекіне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі