Earworm: Мы адчуваем сябе камарыкам ў бурштыне.А не тымі, што лётаюць вакол
Музыкі магічнага эксперыментальнага гурта з Гродна распавялі Еўрарадыё пра розныя бакі альбома, эзатэрычны кліп і планы на Сяргея Пукста.
Гурт Earworm мы "выкапалі" для сябе сярод шэрагу новых альбомаў. Музыкі з Гродна заінтрыгавалі нас літаральна з першых гукаў сваёй пласцінкі "Amber". З таго самага моманту мы пільна сачылі за "вушных чарвяком" — менавіта так ахрысцілі гэтую загадкавую каманду — і нарэшце паразмаўлялі з музыкамі падчас аднаго з сакрэтных канцэртаў у Мінску. Давайце знаёміцца, з намі Павел Фалейчик (бас-гітара), Аляксей Коўтун (віяланчэль), Андрэй Куцко (гітара) і Ігар Волгін (ударныя).
злева направа: Ігар Волгін, Андрэй Куцко, Павел Фалейчик, Аляксей Коўтун
"Каб "чарвячка" зразумець, яго трэба спачатку адкапаць!" — смяюцца хлопцы.
Мы цікавімся, з чаго пачыналіся пошукі "вушнога чарвяка". Першы стэрэатып, які развейваюць музыкі, гэта час, які пайшоў на стварэнне альбома "Amber" — у сеціве з'явілася меркаванне, што для напісання пласцінкі гурту спатрэбілася 10 гадоў!
Андрэй: Мы ўсё прыдумалі хутка. Год сышоў на напісанне кампазіцый, і запісалі іх мы таксама досыць хутка. Былі вельмі вялікія праблемы са звядзеннем, давялося зводзіць самім. На гэта сышло яшчэ два гады.
За час паміж сінгламі і альбомам у нас мяняўся склад. Наогул, у нас увесь час узнікаюць нейкія праблемы пасля запісу альбома (смяюцца). Але, аказалася, усё да лепшага, таму што цяпер склад вельмі класны!
Еўрарадыё: Што вас падштурхнула да стварэння такой музыкі? Асаблівае светаадчуванне?
Аляксей: Усё пачалося з нашага гітарыста Андрэя, яго падачы ігры на гітары і яго задум. А ўжо пасля мы ўсё гэта развіваем разам. Менавіта нестандартная падача Андрэя і робіць гук Earworm такім спецыфічным.
Еўрарадыё: Нам здавалася, вельмі шмат усяго робіць гук Earworm такім спецыфічным! (смяёмся)
Аляксей: У выніку, так. Мы напластоўваемся следам, але аснову дае Андрэй.
Еўрарадыё: Што за загадкавую канцэпцыю "выкапняў" вы заклалі ў назву альбома і кампазіцый?
Андрэй: Сама назва альбома, "Amber", да гэтага адсылала. Што такое бурштын? Смала, у якой знаходзяць рэшткі вельмі старажытных насякомых, да прыкладу. І камарык, якога мы бачым у бурштыне, зусім не такі, як камарык, які каля нас лётае. Мы таксама адчуваем сябе трошкі камарыкам ў бурштыне, а не тымі, якія лётаюць вакол. Гэта адзін пласт.
Другі пласт складаней растлумачыць (задумваецца). Трэба ўявіць, што бурштын знайшлі ў будучыні. Гэта значыць, у ім тое, што застанецца ад сучаснага чалавецтва. І гэты альбом — гэта такі вось наш групавы бурштын (з аднаго боку на вокладцы бачнае, а з другога — пад вокладкай музычны змест). Тое, што мы сыгралі гэты альбом, гэта такая вяха, якая застаецца пасля нас. А што застаецца пасля вас? Такая вось другая трактоўка. Ёсць яшчэ некалькі, але іх тлумачыць цяжка, таму спынімся на дзвюх.
Кампазіцыі назвалі па разнавіднасцях бурштыну. Кожная з гэтых кампазіцый жыве сваім жыццём. Па музыцы гэты альбом у нас выйшаў зусім іншым у плане канцэпцыі. Ён зусім не так, як прыдумалі, сыграўся. І мне здаецца, атрымаўся вельмі цікавым. З аднаго боку, я гэтаму вельмі рады, таму што я асабіста завяршыў нейкі шлях, які доўжыўся шмат гадоў. А вось што рабіць далей, іншае пытанне. Напрыклад, наступны канцэрт мы дамо вельмі няхутка.
Еўрарадыё: Паўзу ў колькі гадоў нам узяць?
Андрэй: Не, мы часам будзем граць, але вельмі-вельмі рэдка. Да прыкладу, сыграем на фестывалі "Рэха", які праходзіць у Гродне. Як мяркуецца, фестываль будзе праходзіць у канцы ліпеня 2015 года. Прыязджайце, там будзе вельмі цікава!
Еўрарадыё: У Гродне шмат усяго цікавага адбываецца?
Аляксей: Не, Гродна — гэта наогул поўны тухляк. Клубаў няма, гнілата поўная. Хоць гэта такі творчы, мастацкі і прыгожы горад!
Еўрарадыё: Вы выступаеце ў Гродне?
Аляксей: Часам граем у гаражы, калі ладзяць такія канцэрты. "Рэклама" адбываецца праз так званае сарафаннае радыё. Народу збіраецца вельмі шмат!
Тут да нашай размовы далучаецца былы басіст каманды Дзмітрый Барысаў (цяпер грае ў project_may_b
Дзмітрый Барысаў: Буйная кропка была ў Масалёў — братоў Масальскіх. Там больш за ўсё праводзілася хардкор, панк, індастрыял-канцэртаў. Збіраліся музыкі з усяго свету, у літаральным сэнсе слова — і з Еўропы, і з Амерыкі. Гэты рух быў зусім невядомы звонку. Бывае, што на такія канцэрты ў гаражы збіраецца па 70-100 чалавек. Гурты могуць нават зарабіць там нармальныя грошы (пераглядваюцца). Канцэрт праводзіцца без аховы, без прыбіральшчыц і наогул без людзей з боку. І без арэнды, што самае галоўнае!
Там вельмі крутая атмасфера! Можна залазіць на дах. Толькі бэклайн, толькі жывы гук! Гэта той гук, які і павінен быць у панк-гурта — гук з ўзмацняльніка і жывыя барабаны без падгучкі. Сапраўдны гаражны гук! На самай справе, гэта той гук, які ўсё жыццё чуюць музыкі ў сябе на кропках.
Еўрарадыё: Калі можна трапіць на такі канцэрт? Ці ўсё настолькі спантанна, што каб паспець, трэба жыць у Гродне?
Аляксей: Як правіла, такія канцэрты не афішуюцца па зразумелых прычынах. Але мы вас запросім!
Еўрарадыё: Як часта выязджаеце з канцэртамі? Куды клічуць?
Аляксей: Мы шмат ездзілі, але цяпер трэба нешта новенькае прыдумаць для гастроляў.
Андрэй: Па фестывалях ўжо даўнавата не ездзілі. Звычайна, гэта нейкія туры. І людзі прыходзяць вельмі розныя на нашы канцэрты!
Еўрарадыё: Дарэчы, пра новае: калі ад вас чакаць новых рэлізаў?
Андрэй: Асабіста я хачу зрабіць нешта новае ўжо да наступнага лета, але гэта нерэальна. Нам проста трэба нарадзіцца нанова, нешта новае прыдумляць. У нас няма іншага выйсця! Альбо трэба кідаць гэта ўсё.
Еўрарадыё: Да кожнага рэліза прыходзіцца вось так "абнуляцца"?
Паша: 7 гадоў павінна прайсці! (смяюцца)
Андрэй: Цяжка сказаць. Вось з гэтым альбомам усё атрымалася. Але не бывае нарыхтовак. Таму немагчыма сказаць, што калі скласці гэта і гэта, атрымаецца патрэбны вынік. Спрабавалі шмат чаго новага граць, але пакуль нічога цікавага не вылезла, няма за што зачапіцца.
Аляксей: Усё ён хлусіць! Ёсць, за што зачапіцца. Толькі мы не чапляемся, і гэтую праблему трэба вырашаць. Але мы абавязкова працягнем!
Еўрарадыё: Сінглы — не ваш фармат?
Андрэй: Калі мы будзем запісвацца, то адразу і шмат. Бессэнсоўна дзеля адной-дзвюх кампазіцый кудысьці ехаць.
Еўрарадыё: Ці мае значэнне, дзе жыць, каб граць такую музыку? Ці вы зусім засумавалі ў Гродне і зазбіралі чамаданы?
Аляксей: Не, з'ехаць — гэта канец. Можна жыць нават пад зямлёй.
Андрэй: Не думаю, што дзесьці там будзе моцна па-іншаму. Асабіста мне ў Беларусі не хапае лэйблаў, якія амаль вымерлі. І на самай справе, глабалізацыя вельмі нашкодзіла ў гэтым плане. Мы паездзілі ў туры, паглядзелі — гэта цікава, але надакучае.
Еўрарадыё: То бок вы — не аматары гастроляў?
Андрэй: Я ўвогуле люблю прыдумляць музыку, а канцэрты граць... Для нас туры — гэта вакацыі і прыемная прагулянка.
Еўрарадыё: Калі паказваеш камусьці вашу музыку, часта чуеш параўнанне кампазіцый з саўнд-трэкамі. Не прапаноўвалі вам пісаць музыку для кіно?
Андрэй: Не, не прапаноўвалі, але сапраўды вельмі часта так кажуць.
Ігар: Напэўна, гэтая музыка яшчэ не дайшла да людзей, якія маюць кампетэнцыю ў гэтым. Можа, калі-небудзь мы атрымаем такую прапанову. Адразу з Амерыкі!
Андрэй: Калі ўсё будзе добра, то ў нас будзе тры кліпы на гэты альбом — адзін сапраўдны, другі мастацка-дакументальны, трэці — эзатэрычны. Калі не вельмі добра, то будзе два кліпы. Ну, а калі дрэнна, то толькі адзін, сапраўдны.
Еўрарадыё: Якую-небудзь беларускую музыку любіце? Слухаеце?
Аляксей: "Песняры"!
Андрэй: Асабіста мне вельмі падабаецца Сяргей Пукст, Sang Sattawood і Port Mone. А самы круты альбом запісалі "Гурзуф". Маленькі апошні альбом. Да гэтага я іх не вельмі любіў, але апошні альбом — гэта шэдэўр. Я не чакаў ад іх такога. Вельмі кепска, што яны распаліся. У Салігорску ёсць вельмі цікавы і якасны гурт — Mouches a l'orange. Праблема ў тым, што вось так пачнеш называць, і абавязкова каго-небудзь забудзеш!
Аляксей: Наш бубнач, Ігар, цяпер грае ў вельмі крутым гурце — "Демонтаж Характера". Вельмі падабаецца творчасць гурта ".К" — гэта праект Жэні Кучмейны, з якім Ігар грае ў гурце "Демонтаж Характера".
Еўрарадыё: Што ў свой час паўплывала на вас, каб заняць менавіта гэтую нішу?
Андрэй: У адным з інтэрв'ю я неяк прачытаў, што гурт The Beatles заведзена лічыць самым крутым гуртом. А герой інтэрв'ю кажа ў адказ: "Ну, якія "Бітлз", вось The Velvet Underground — самы круты гурт, вялікі!" Я асабіста таксама так лічу. Гэта маё светаадчуванне. The Velvet Underground дае той пачатак, які ў мяне ўнутры. І з тых гуртоў, якія на мяне паўплывалі, The Velvet Underground — гэта аснова.
Еўрарадыё: Ці не думалі абзавесціся вакалістам або вакалісткай?
Аляксей: Хацелася, але да справы не даходзіла.
Андрэй: Пытанне, пра што спяваць? Калі голас выкарыстоўваць, як інструмент... Перыядычна думаем над гэтым.
Аляксей: Мы нават спрабавалі зрабіць нешта падобнае, але не атрымалася.
Андрэй: Вось, дарэчы, Пукст са сваімі вакальнымі дадзенымі дзесьці мог бы патрапіць!
Еўрарадыё: Вам было б цікава агучыць нямы фільм?
Аляксей: Калі гэта фільм з кучай батальных сцэн! А яшчэ лепш — пра зомбі! Мы б і прэзентавалі яго ў гаражы, з праектарам на другой сцяне.
Варта было б дадаць, што падчас падрыхтоўкі тэксту інтэрв'ю, Еўрарадыё ўдалося перадаць пажаданне гурта Сяргею Пуксту. Музыка завочна прыняў прапанову.