Эдуард Лімонаў: Супрацьстаяць Лукашэнку мы не хацелі, гэтага б народ не ўхваліў

Эдуард Лімонаў: Супрацьстаяць Лукашэнку мы не хацелі, гэтага б народ не ўхваліў

15 лютага ў мінскім "Прэзідэнт-гатэлі" спецдакладчык АБСЕ Марцін Сайдзік хацеў расказаць журналістам пра вынікі чарговага раунда перамоваў па сітуацыі на Паўднёвым Усходзе Украіны. Але калі ён выйшаў да журналістаў, з залы пачуўся выкрык: "А вам не падаецца, што Пётр Парашэнка — забойца Данбаса, і тое, што "мінскі фармат" увогуле абсалютна не працуе?".

Галасы належалі чацвярым нацболам з незарэгістраванай расійскай партыі "Іншая Расія". Сайдзік спешна рэціраваўся (пазней ён усё ж пагутарыў з прэсай), а маладыя людзі — два хлопцы і дзве дзяўчыны — яшчэ хвіліну крычалі і раскідвалі па зале улёткі. Потым яны развіталіся і, пачуўшы ад арганізатараў прэс-канферэнцыі ў адказ "Да пабачэння, ідзіце адсюль!", пажадалі ім поспеху. І сышлі. Вось такі пратэст.

Ці варта было ехаць з Масквы для гэтай хвіліны славы, і што наогул нацболы забылі ў Мінску? Пра гэта Еўрарадыё распытала лідара "Іншай Расіі", пісьменніка і палітыка Эдуарда Лімонава.

Еўрарадыё: Навошта актывісты "Іншай Расіі" паехалі пратэставаць у Мінск?

Эдуард Лімонаў: "Мінскія пагадненні" мы лічым злачыннымі. Вы ж бачыце, гэта ўжо трэці год цягнецца. Усё больш забойстваў. Паглядзіце, забітыя "Матарола", "Гіві", Мазгавы. Ды там доўгі спіс. Колькі нявінных людзей загінула, мірных... Усё гэта наступствы няўклюдных пагадненняў. У рэшце рэшт, злачынных. Наша партыя прапаноўвала разумныя меры ўзамен: склікаць канферэнцыю ўсіх ўсходнееўрапейскіх краінаў, у якіх ёсць да Украіны тэрытарыяльныя прэтэнзіі. Гэта Польшча, Венгрыя, Румынія і Славакія. І вырашыць лёс.

Еўрарадыё: Вы лічыце, што акцыямі, падобнымі той, якая была арганізаваная ў Мінску, можна чагосьці дамагчыся?

Эдуард Лімонаў: Гэта прынцыпова мірная акцыя. "Іншая Расія" праводзіць іх шмат гадоў, а да яе праводзіла Нацыянал-бальшавіцкая партыя, цяпер забароненая. У 1999 годзе група нацболаў мірным шляхам захапіла вежу "Клуба маракоў" у Севастопалі, вывесіла лозунг "Севастопаль — рускі горад", раскідала ўлёткі. Мы пачалі, а праз 15 гадоў Севастопаль стаў рускім горадам. Праўда ў многіх выпадках за намі, і гэтым можна ганарыцца.

Еўрарадыё: Вы ведаеце, у Беларусі такія пікеты забароненыя.

Эдуард Лімонаў: Я не думаю, што гэта можна заканадаўча забараніць. Гэта мірная дэманстрацыя. У нейкай ступені яе можна расцэньваць як адміністрацыйнае правапарушэнне. Але гэта не злачынства.

Еўрарадыё: Хутчэй за ўсё, так гэта і будзе расцэнена [на момант інтэрв'ю яшчэ не было вядома, што нацбола Цімафея Ермакова пакаралі пяццю суткамі арышту. — Еўрарадыё].

Эдуард Лімонаў: Па нашых паняццях, пікет — гэта дзесьці на вуліцы. А тут жа ўсё адбывалася ў памяшканні.

Эдуард Лімонаў: Супрацьстаяць Лукашэнку мы не хацелі, гэтага б народ не ўхваліў

Еўрарадыё: Якое ваша стаўленне да таго, што вашых актывістаў будуць праследаваць?

Эдуард Лімонаў: Мяркую, актывісты "Іншай Расіі", якія ішлі на гэта, разумелі, што гэта будзе нейкім чынам расцэнена, і разумелі, што будзе нейкае пакаранне. Дзяржавы (і расійская, і беларуская) не хочуць ініцыятываў. У нашай краіне апазіцыйная палітыка фактычна забароненая. Толькі ў васальнай форме, у Дзяржаўнай думе ў нас існуюць парламенцкія нібыта апазіцыйныя партыі.

Еўрарадыё: Ці сочыце вы за апошнімі навінамі ў адносінах Беларусі і Расіі?

Эдуард Лімонаў: Мне, вядома, адносіны, якія складваюцца ў апошні час, непрыемныя. У нас [нацыянал-бальшавікоў. — Еўрарадыё] мноства разыходжанняў з нашай уладай, але ўсё ж я хацеў бы, каб Беларусь і Расія былі ў сяброўскіх адносінах. І нейкую колькасць гадоў таму я падтрымліваў Лукашэнку, хаця Беларусь ніколі не пагаджалася, каб на яе тэрыторыі нацболы адкрывалі офісы. У нас ішлі такія закулісныя перамовы. У Беларусі ў нас шмат было арганізацый, у свой час — у дзевяці гарадах. Але нам не далі магчымасці развівацца, хоць мы і абяцалі паводзіць сябе добра, і працягвалі падтрымліваць Лукашэнку. А потым падумалі: навошта ж мы яго палітычна падтрымліваем, нічога не атрымліваючы ўзамен, і наадварот, іншы раз атрымліваючы непрыязнасць беларускіх спецслужбаў? Бывала і збіццё, і іншае.

Еўрарадыё: Тады беларускія нацыянал-бальшавікі сышлі ў цень?

Эдуард Лімонаў: Гэта натуральна. І Бацька ў вас — амаль сацыяліст, і савецкі лад жыцця ён падтрымліваў, і пенсіянеры за яго. Нам з ім складана было б жыць разам. А супрацьстаяць яму мы зусім не хацелі. Гэтага б народ не ўхваліў, ваш жа. А ён не хацеў супрацоўнічаць з намі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі