ЕФСР дапускае, што дзярждоўг Беларусі рэзка вырасце ў 2022 годзе
Пры пэўным сцэнары краіне могуць спатрэбіцца новыя вялікія пазыкі
Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) не выключае рэзкага росту дзярждоўгу Беларусі ў 2022 годзе — да 61% ВУП з 46% ВУП, паведамляе "Інтэрфакс-Захад". Гэта адбудзецца ў выпадку рэалізацыі шокаў для дзяржпрадпрыемстваў, калі дзяржаве прыйдзецца выконваць гарантыі па пазыках.
ЕФСР адзначае, што для Беларусі "ў кароткатэрміновай перспектыве шок, звязаны з рэалізацыяй умоўных абавязацельстваў, прывядзе да рэзкага росту фінансавых патрэбаў". У сувязі з гэтым краіне спатрэбяцца новыя значныя пазыковыя рэсурсы. Але паколькі міжнародная падтрымка абмежаваная, а доступ да рынкаў капіталу амаль закрыты, Беларусь можа сутыкнуцца з сур'ёзнымі рызыкамі плацежаздольнасці і ліквіднасці.
Дзяржаўны доўг Беларусі на 1 верасня перавысіў у эквіваленце 57 мільярдаў рублёў, або прыкладна 24 мільярды долараў у эквіваленце. За восем месяцаў ён скараціўся на 0,6 мільярда рублёў, або на 1,1%.
Як паведамляла Еўрарадыё, Беларусь мае намер атрымаць праз ЕФСР крэдыт на суму да 3 млрд долараў і ўжо вядзе кансультацыі з Фондам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.