Эканамічны суд Мінска ліквідаваў выдавецтва Змітра Коласа
Зміцер Колас / facebook.com/zmicierkolas
Паводле пазова Міністэрства інфармацыі Эканамічны суд Мінска 10 траўня ліквідаваў выдавецтва Змітра Коласа, паведамляе прэс-служба БАЖ.
Разгляд справы пачаўся 2 траўня. Мінінфармацыі патрабавала ануляваць выдадзенае раней пасведчанне аб рэгістрацыі.
Паведамлялася, што падставай для пазову стаў зборнік гістарычных дакументаў “Вызваленыя" i заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускiх архiваў". Кнігу, выпушчаную ў выдавецтве Коласа, складаюць дакументы з беларускіх архіваў. 6 студзеня суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў яе "экстрэмісцкімі матэрыяламі" і забараніў яе распаўсюд.
Каментуючы ў сацсетках гэты суд, перакладчык Лявон Баршчэўскі адзначыў, што на пасяджэнне 2 траўня прадстаўнік Мінінфармацыі ўвогуле не з'явіўся. Таму Зміцер Колас не змог даведацца ў пазоўнікаў, за што ж яго пазбаўляюць выдавецкай ліцэнзіі.
"Размова вялася з голай сцяною кабінета. Суддзя А.П. Русецкі сказаў, што ў яго няма законнай магчымасці прымусіць прадстаўніка пазоўніка (Міністэрства інфармацыі) з'явіцца на гэтае пасяджэнне, як і на наступнае пасяджэнне, якое мае адбыцца ў тым самым месцы 10 мая г.г. а 15-й гадзіне. Прапановы дасягнуць справядлівага рашэння, кампрамісу, такім чынам, выказваць не будзе каму? Можна бачыць цэлы букет парушэнняў Закона "Аб выдавецкай дзейнасці", Гаспадарчага Працэсуальнага кодэкса і Закона "Аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі". Той, хто лічыць, што праўда на яго баку, як бы не павінен хавацца ад свайго апанента", — напісаў Баршчэўскі.
Прыватнае выдавецтва Змітра Коласа вядомае перакладамі сусветнай паэзіі, прозы, драматургіі, дзіцячай літаратуры. Адна з самых вядомых кніжных серый — "Паэты планеты", у якой сёлета выйшла сотая кніга.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.