Міністэрства інфармацыі падало пазоў на ліквідацыю выдавецтва Змітра Коласа

Зміцер Колас / Facebook.com, фатаздымак Георгія Ліхтаровіча
Зміцер Колас / Facebook.com, фатаздымак Георгія Ліхтаровіча

2 траўня Эканамічны суд Мінска будзе разглядаць пазоў Міністэрства інфармацыі да прыватнага выдавецтва Змітра Коласа. Дзяржаўнае ведамства хоча "прызнаць несапраўднай дзяржрэгістрацыю" выдаўца. Іншымі словамі — зачыніць выдавецтва.

Тлумачэнняў, чаму Мінінфармацыі хоча зачыніць выдавецтва, няма. Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, падставай для пазову стаў зборнік гістарычных дакументаў “Вызваленыя" i заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакумэнтах беларускiх архiваў". Гэтую кнігу, выпушчаную выдавецтвам Коласа, суд Цэнтральнага раёна Мінска 6 студзеня прызнаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" і забараніў яе распаўсюд. Сам зборнік складаецца з дакументаў з фондаў Нацыянальнага архіва Беларусі і Дзяржаўнага архіва грамадскіх арганізацый Гродзенскай вобласці.

Як распавядала Еўрарадыё, на пачатку сакавіка Змітра Коласа затрымалі разам з друкаром Алегам Сычовым і 10 дзён пратрымалі ў СІЗА КДБ. Потым яго вызвалілі без выстаўлення абвінавачанняў. Выдавец са сваім стэндам нават паспеў паўдзельнічаць у Мінскім міжнародным кніжным кірмашы, дзе арганізатары не мелі да яго ніякіх прэтэнзій.

Прыватнае выдавецтва Змітра Коласа вядомае перакладамі сусветнай паэзіі, прозы, драматургіі, дзіцячай літаратуры. Адна з самых вядомых кніжных серый — "Паэты планеты", у якой не так даўно выйшла 100-я кніга. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі