Эксперт: у ЗША не хапае палітычнай волі эфектыўна замагацца з Расіяй
Перамовы Украіны з Расіяй могуць ісці выключна пра капітуляцыю Расіі. Бо перамовы, якія спыняць вайну, не спыняць агрэсіўнага мыслення Расіі, упэўнены палітолаг Павел Усаў. Дапамагчы скончыць вайну на карысць Украіны могуць ЗША, але з палітычнай воляй ёсць праблемы.
У стрыме Еўрарадыё эксперт расказаў, якія перамены патрэбныя Расіі і чаму ў ЗША не хапае палітычнай волі, каб эфектыўней патрымліваць Украіну.
У выніку перамоў Расія павінна капітуляваць, а палітычная сітуацыя там змяніцца. Калі гэтага не адбудзецца, Расія і далей будзе падрываць сістэму бяспекі ў свеце, кажа Павел Усаў.
— Больш таго, вось гэты “глыбінны народ” не пабачыць злачынстваў Расіі. У сістэме, якая існуе ў Расіі, усё гэта [праўда пра вайну ва Украіне. — Еўрарадыё] паказваецца як фэйкі, злачынствы ўкраiнскіх нацыяналістаў і што расійскія салдаты — гэта героі.
Свядомасць глыбіннага народа, закансерваваная соусам “Салаўёў, Скабеева ды іншыя”, будзе ўтрымлівацца ў ланцугах. Нічога не зменіцца. І раней ці пазней зноў адбудзецца нейкі выбух. Асабліва калі свет будзе заняты сваімі ўнутранымі праблемамі. То-бок у дачыненні да Расіі павінна быць абсалютная перамога.
“У дзеяннях ЗША важныя супярэчнасці”
Прыняцце Сенатам ЗША ленд-лізу, які дазволіць больш эфектыўна падтрымліваць Украіну, у першую чаргу зброяй, павінна паспрыяць гэтаму, выказвае спадзяванне эксперт.
— Хаця таксама мы бачым даволі вялікі дэфіцыт волі палітычнай. Бо ленд-ліз абмежаваны тым, што нейкія дзеянні Захаду могуць справакаваць Расію на стратэгічныя ядзерныя атакі ў дачыненні да ЗША ці іх саюзнікаў.
А калі ёсць воля да перамогі, то можна было б нават без гэтых законаў вырашыць пытанне пастаўкі Украіне самалётаў, якія зрэалізавалі б хаця б часткова стратэгію закрытага неба. Было б прынята рашэнне пра пастаўкі сістэмаў супрацьпаветранай абароны.
Дагэтуль моцных і важных крокаў ані краінамі НАТА, ані ЗША зроблена не было, падкрэслівае Павел Усаў. Хаця ідуць пастаўкі ўзбраення лакальнага характару, ідзе фінансаванне, прымаюцца ўцекачы з Украіны.
— Але ў ЗША не прапрацаваны закон ці механізм спрошчанага ўезду ўкраінскіх уцекачоў у ЗША. Узялі б прыклад з Польшчы, з іншых еўрапейскіх краінаў, якія расчынілі дзверы для Украінцаў.
Такія даволі важныя супярэчнасці ў дзеяннях ЗША мы назіраем. Бо трэба разумець, што перш за ўсё ЗША заўсёды аберагаюць уласныя інтарэсы, а тут патрэбна салідарная пазіцыя ў даволі канкрэтных кроках і дзеяннях. Перш за ўсё, Украіна даўно павінна была атрымаць сістэму супрацьпаветранай абароны і самалёты, якія патрэбныя для перамогі над Расіяй, а не працягвання гэтай вайны, — рэзюмуе Павел Усаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.