Эксперты: санкцыі супраць Беларусі павінны быць такімі ж, як і супраць Расіі

Будынак Бундэстага / Deutscher Bundestag
Будынак Бундэстага / Deutscher Bundestag

Рабочая група па Беларусі (Arbeitskreis Belarus) выступіла з заявай да палітыкаў Германіі, у якой заклікае нямецкія ўлады ўвесці супраць рэжыму Лукашэнкі тыя ж санкцыі, што і супраць Расіі. А таксама спрасціць атрыманне гуманітарнага прытулку для беларусаў, піша Deutsche Welle.

"Толькі калі санкцыі аднолькава моцна ўдараць па абодвух рэжымах, яны будуць найбольш эфектыўнымі", — гаворыцца ў дакуменце. Яго аўтары ўпэўнены, што ўвядзенне жорсткіх санкцый супраць Беларусі прымусіць рэжым задумацца аб мэтазгоднасці адпраўкі беларускай арміі ваяваць ва Украіну.

На думку Arbeitskreis Belarus, беларусы, якія ў 2020-21 гадах збеглі з Беларусі па палітычных прычынах ва Украіну, а зараз вымушаныя ўцякаць ад вайны, павінны мець такія ж правы ў краінах Еўрасаюза, як і грамадзяне Украіны. Пакуль, паводле рашэння нямецкіх улад, яны могуць легальна заставацца ў Германіі да 23 траўня.

"Беларусы таксама маюць права падаць дакументы на атрыманне статусу, але мы не ведаем, хто які статус атрымае, — гаворыць Элізабэт Чыгрын з таварыства беларускай дыяспары Razam. — Для нас важна, каб усе беларусы, якія знаходзіліся 24 лютага ва Украіне, былі прыняты ў ЕС. Па такой жа спрошчанай працэдуры, што і ўкраінцы, і грамадзяне з украінскім ПМЖ, якім даецца сацыяльная абарона і магчымасць працаваць".

Аўтары заявы заклікаюць СМІ і грамадзянскую супольнасць у Еўропе і Украіне не атаясамліваць грамадзян Беларусі і рэжым Лукашэнкі. Яны нагадваюць аб недапушчэнні дыскрымінацыі па нацыянальнай і моўнай прыкмеце.

У групу Arbeitskreis Belarus уваходзяць больш за 120 чалавек, сярод якіх прадстаўнікі беларускай дыяспары, палітолагі, праваабаронцы, эксперты з Беларусі і Германіі. Заява накіравана ў ведамства канцлера ФРГ, у МЗС Германіі, дэпутатам Бундэстага, а таксама палітыкам у Бруселі. Аналагічныя захады абмяркоўваліся падчас сустрэчы 7 сакавіка Святланы Ціханоўскай і кіраўніка МЗС Нямеччыны Аналенай Бербок.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі