Элтан Джон уласнаручна выклаў свой новы альбом у сеціва
Тым часам да афіцыйнага рэлізу пласцінкі “The Diving Board” застаецца каля 2-х тыдняў.
Элтан Джон выклаў новы альбом “The Diving Board” для он-лайн-праслухоўвання за 2 тыдні да афіцыйнага рэлізу. Паслухаць і замовіць пласцінку можна на сэрвісе Amazon. Афіцыйны ж рэліз прызначаны толькі на 24 верасня.
Над дыскам “The Diving Board” Элтан Джон працаваў сем гадоў пры ўдзеле прадзюсара Джозэфа “T Bone” Бэрнэта. Па словах самога музыкі, якія перадае часопіс Rolling Stone, на пласцінцы маецца ўсё, што ён найбольш любіць у амерыканскай музыцы: госпел, соўл, кантры. Таксама Джон адзначыў, што гэта “самы фартэпіянны запіс, з тых, што ён калі-небудзь рабіў. І самы дарослы запіс, які ён мог зрабіць у свае гады”.
Альбом складаецца з 13 новых песень, напісаных сумесна з даўнім калегам Джона, англійскім лірыцыстам Бэрні Тапінам.
Фота: musica.uol.com.br