ЕС абвясціў пра дадатковую фінансавую падтрымку беларускіх дэмсілаў

Святлана Ціханоўская і Жазэп Барэль, архіўнае фота

Святлана Ціханоўская і Жазэп Барэль, архіўнае фота / @tsikhanouskaya

ЕС вылучае дадатковыя 30 мільёнаў еўра на падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў. Пра гэта заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕС у замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у Бруселі. Разам з гэтым траншам агульная дапамога ЕС беларускім дэмсілам з 2020 года дасягне лічбы ў 140 мільёнаў еўра, нагадаў еўракамісар.

"Я ведаю, дарагая Святлана, што гэта кропля вады ў акіяне патрэбаў беларускага народа і апазіцыі, але мы робім усё магчымае, каб падтрымаць вас", — адзначыў ён. Барэль таксама казаў пра тое, што падчас будучай сустрэчы "Усходняга партнёрства" крэсла Беларусі будзе пуставаць, "бо мы не прызнаем тых, хто крадзе выбары і рэпрэсуе сваё насельніцтва". Ён зноў заклікаў беларускія ўлады вызваліць усіх палітвязняў і арганізаваць дэмакратычныя выбары.

Нагадаем, у Бруселі Ціханоўская мае намер выступіць перад міністрамі замежных спраў ЕС і паўдзельнічаць у пасяджэнні Кансультатыўнай групы ЕС — Беларусь. "Мы абмяркуем пытанні легалізацыі, фіктыўныя выбары Лукашэнкі ў 2024 годзе, узмацненне санкцый для вызвалення палітвязняў і стратэгіі процідзеяння Расіі", — напісала палітык напярэдадні ў X.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі