ЕС і НАТА афіцыйна звернуцца да РФ з заклікам вывесці войскі з Украіны
Вайна ва Украіне працягваецца амаль 10 месяцаў / @V_Zelenskiy_official
ЕС і NATO маюць намер афіцыйна звярнуцца да РФ з заклікам вывесці войскі з Украіны. Аб гэтым піша выданне Politico. У амаль узгодненым праекце рэзалюцыі ЕС і NATO заклікаюць Расію "неадкладна спыніць гэтую вайну і сысці з Украіны", а таксама пацвярджаюць сваю "непахісную і пастаянную падтрымку яе [Украіны. — Еўрарадыё] незалежнасці".
Дакумент распрацоўваўся каля года. Яго павінны былі падпісаць яшчэ летам на саміце NATO ў Мадрыдзе. Аднак праца затармазілася праз напружаныя адносіны паміж Турцыяй і Кіпрам. "Хоць тэкст у асноўным нічым непрыметны, наданне яму афіцыйнага характару стала б значным дыпламатычным дасягненнем", адзначае выданне. Пры гэтым частка экспертаў па-ранейшаму настроены скептычна — кажуць, што павераць у рэальнасць такога звароту, толькі калі ўбачаць публічную цырымонію.
Адразу два дыпламаты паведамілі выданню, што афіцыйнае прадстаўленне гэтага дакумента можа адбыцца ўжо ў бліжэйшы час — магчыма, нават на наступным тыдні. Або ў пачатку 2023 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.