ЕС увёў забарону на транзіт расійскага звадкаванага газу
Танкер са звадкаваным газам
Сталі вядомыя абмежаванні, якія Еўрасаюз увёў супраць Расіі ў рамках 14-га пакета санкцый. Санкцыі, у прыватнасці, закранулі расійскі звадкавані прыродны газ (ЗПГ): уводзіцца забарона на яго транзіт праз еўрапейскія парты. Пры гэтым ЕС працягне закупляць газ у Расіі, але яго рээкспарт будзе забаронены. Забароненыя таксама інвестыцыі ў любыя новыя расійскія праекты, звязаныя з ЗПГ. Пад санкцыі трапілі таксама 27 танкераў, якія перавозяць расійскую нафту і нафтапрадукты.
Еўрасаюз таксама забараніў сваім кампаніям выкарыстоўваць сістэму перадачы фінансавых паведамленняў Банка Расіі і рабіць транзакцыі з кампаніямі, якія выкарыстоўваюць гэтую сістэму. Авіякампаніям краін ЕС з гэтага часу забаронена выконваць чартары і прыватныя пералёты ва ўсім свеце на замову фізічных і юрыдычных асобаў з Расіі. СМІ, палітычныя партыі і няўрадавыя арганізацыі Еўрасаюза больш не маюць права прымаць фінансы з расійскіх крыніцаў.
За абыход санкцый, уведзеных супраць Расіі, пад абмежаванні трапілі таксама кампаніі з Кітая, Казахстана, Кіргізіі, Турцыі і ААЭ.
Нагадаем, новыя абмежавальныя меры прадстаўнікі краін ЕС абмяркоўвалі больш за месяц. Узгадненне пакета блакавала Германія. Спрэчны пункт пра тое, што даччыныя кампаніі павінны будуць "кантрактна забараніць рээкспарт у Расію і рээкспарт для выкарыстання ў Расіі", то-бок гарантаваць, што іх тавар не апынецца ў РФ, у выніку выключылі. Раней такое палажэнне распаўсюджвалася толькі на агнястрэльную зброю, баявы рыштунак і тавары падвойнага прызначэння. Германія ж была занепакоеная, што яе малы бізнес пацярпіць, калі палажэнне будзе пашыранае за кошт цывільнай прадукцыі, хімікатаў або абсталявання для металаапрацоўкі. Санкцыі супраць Расіі ЕС уводзіць за яе агрэсію ва Украіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.