ЕС забароніць пастаўкі ў РБ тавараў і тэхналогій, якія ўдасканальваюць абарону
![ЕС рыхтуе новыя санкцыі](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/regnum_picture_1490526181180253_big.jpeg.webp?itok=HU9gh6EJ)
ЕС рыхтуе новыя санкцыі
Еўрасаюз падрыхтаваў праект 16-га пакету санкцый супраць Расіі і Беларусі. Ухваліць іх плануюць да трэцяй гадавіны ад пачатку поўнамаштабнага расійскага ваеннага ўварвання ва Украіну, якое падтрымаў рэжым Лукашэнкі.
ЕС, як паведамляе Радыё "Свабода", прапануе забараніць пастаўкі ў Беларусь і транзіт праз яе тэрыторыю тавараў і тэхналогій, якія могуць спрыяць тэхналагічнаму ўдасканаленню сектару абароны і бяспекі Беларусі.
Гаворка ідзе аб прадукцыі, якую Расія выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны. Гэта сярод іншага хімічныя прэкурсоры для спецсродкаў, якія выкарыстоўваюць сілавікі. Таксама пад забарону трапяць пастаўкі матэрыялаў для вытворчасці беспілотнікаў. Акрамя таго, прапануецца абмежаваць пастаўкі з Беларусі першаснага алюмінію, якія выкарыстоўвалі для дыверсіфікацыі даходаў.
Пад забарону на транізт трапіць электроніка (у тым ліку мікрасхемы і працэсары), камп'ютары і абсталяванне для іх (акрамя ПК), тэлекамунікацыйнае абсталяванне, датчыкі і лазеры , прылады для навігацыі і авіятэхнікі, судны, марскія сістэмы ці абсталяванне для іх, аэракасмічныя ўстаноўкі і рухавікі, абсталяванне для здабычы ці разведвання нафты, сейсмалагічных вымярэнняў ды інш.
Прапановаў пра персанальных санкцыях супраць фізічных асоб ці кампаній з Беларусі ў гэтым пакеце няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.