Еўрапейскія астраномы выявілі па суседстве з Сонечнай сістэмай чорную дзірку

Знаходка здзівіла навукоўцаў

Знаходка здзівіла навукоўцаў / bbc.com

Астраномы Еўрапейскага касмічнага агенцтва выявілі па суседстве з Сонечнай сістэмай найбуйнейшую вядомую чорную дзірку нашай галактыкі Млечны Шлях. Яе назвалі Gaia BH3. Навукоўцаў здзівіла тое, наколькі блізка (паводле касмічных мерак) яна апынулася да Зямлі — усяго ў 2000 светлавых гадоў. Бліжэй толькі Gaia BH1, выяўленая тры гады таму ў сузор'і Аднарога — да яе 1500 светлавых гадоў, паведамляе "Бі-Бі-Сі".

Маса нябачнай Gaia BH3 перавышае сонечную прыкладна ў 33 разы, што робіць яе найбуйнейшай з усіх дакладна пацверджаных у сваім "зорным" класе (у нашай галактыцы вядомыя ўжо паўтара дзясяткі чорных дзірак).

"Ніхто і ўявіць не мог, што проста ў нас пад бокам можа знаходзіцца такая масіўная чорная дзірка — застаючыся пры гэтым не выяўленай", — не хавае здзіўлення астраном Парыжскай абсерваторыі Пасквале Пануца.

Каб пацвердзіць зробленае адкрыццё, спатрэбілася каманда, у якую ўвайшлі больш за 300 навукоўцаў з усіх кантынентаў. На дапамогу назіранням тэлескопаў абсерваторый прыйшлі спектрографы, якія працуюць за межамі бачнага дыяпазону. Такім чынам і ўдалося атрымаць неабходныя даныя, каб адносна дакладна вызначыць масу BH3.

Еўрапейскія астраномы выявілі па суседстве з Сонечнай сістэмай чорную дзірку

Чорная дзірка — гэта вобласць прасторы-часу, сіла гравітацыі ў якой настолькі вялікая, што пакінуць яе не могуць ніякія аб'екты, нават святло. Мяркуецца, што яна запоўненая велізарнай масай матэрыі, сціснутай у невялікім аб'ёме, што стварае вялікую сілу прыцягнення. Вакол чорнай дзіркі размяшчаецца вобласць, якую называюць "гарызонтам падзей". Гэта ўяўная мяжа ў прасторы, "кропка незвароту", пасля перасячэння якой вырвацца з гравітацыйнай пасткі ўжо немагчыма.

Еўрапейскія астраномы выявілі па суседстве з Сонечнай сістэмай чорную дзірку
bbc.com

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі