Пісьменніца пра рахункі да Украіны, смерць “рускага мiру” і не слабых беларусаў
Святлана Курс / facebook.com/svieta.kurs
Спыталіся ў пераможцы апошняй прэміі Ежы Гедройца пісьменніцы Святланы Курс (Евы Вежнавец), што яна думае пра “рускі мір” і тое, хто вінаваты ў яго смерці, пра добрых рускіх і ці зоймецца Украіна Беларуссю пасля вайны.
Пра рахункі да ўкраінцаў і “ўкраінскі мір”
За час вайны беларусы ўжо шмат разоў чулі з боку Украіны розныя прад'явы: вы не скінулі рэжым Лукашэнкі ў 2020-м, з вашай тэрыторыі ляцяць ракеты, а вы нічога не робіце і гэтак далей. У беларусаў таксама шмат пытанняў да Украіны. Але Святлана Курс лічыць, што з прад’яўленнем рахункаў можна пачакаць.
— У нас ёсць да іх рахункі. Напрыклад, у мяне быў бы зараз рахунак, чаму яны працягвалі хаўрусаваць з Аляксандрам Лукашэнкам нават пасля таго, што здарылася з намі ў 2020 годзе? Разумею, чаму яны не падтрымліваюць Святлану Ціханоўскую. Яны прагматычна, верагодна, думаюць, што раз яна не можа аб’яднаць беларусаў на змаганне з рэжымам, раз яна слабая, то з ёй не варта гешэфт мець.
А Аляксандр Лукашэнка неяк выклікаў ва ўкраінцаў захапленне. І нават зайздрасць. Гэта цудоўна памятаю. І гандаль ішоў на поўную, і Уладзімір Аляксандравіч сустракаўся з Лукашэнкам. Але выстаўляць гэтыя рахункі зараз не час. На гэта будзе час абавязкова.
Святлана Курс лічыць, што пасля перамогі Украіны на змену “рускаму свету” не прыйдзе ўкраінскі. Украіна зоймецца сабой.
— Ці зоймецца яна Беларуссю? Не ведаю, ці будуць у яе матывацыі і сілы. Але я не супраць таго, каб яны зрынулі Аляксандра Лукашэнку. Мне ўсё роўна, хто зрыне Аляксандра Лукашэнку і ягоны рэжым. Няхай нас курыруюць, мяне гэта не абразіць.
Чаму не варта казаць, што беларусы слабыя
Пісьменніца кажа, што беларусы не баязліўцы. І ўкраінцы дарма так нас называюць за тое, што беларусы ў 2020-м не пайшлі браць палацы Лукашэнкі сілай.
— Мы ўсе добра разумелі, што будзе, калі мы, не падрыхтаваныя, пойдзем у штыкі, у кулакі з гэтым лукашэнкаўскім сілавым апаратам. Я кажу гэта прабачаючыся, што мяне ў краіне не было. Можа, я што не адчула і не зразумела, але я так бачу.
Мне здаецца, і абсалютна ў гэтым упэўнена, што калі б мы пайшлі браць лукашэнкаўскія палацы, то Пуцін бы імгненна прыйшоў з вайсковай дапамогай. Імгненна. І ўкраінцаў 38 мільёнаў, а нас — 9.
Мы не баязліўцы. Ведаеце, так штодня хадзіць на мітынгі, штодня біцца, штодня бачыць тую чорную несправядлівасць, ламаныя косці, сядзець у канцлагерах і ўсё ж такі працягваць змагацца… Не, гэта не баязліўства. “Против лома нет приёма”, як кажуць у расейцаў. Апрача іншага лома. У акупацыі падвоенай надта не назмагаешся. Каб зрабіць узброены пратэст, трэба мець, па-першае, традыцыю ўзброенага пратэсту. Па-другое, трэба сабраць сілы, ацаніць ворага.
Пра смерць “рускага міра” і тых, хто ў гэтым вінаваты
На думку Святланы Курс, “рускі мір” рухнуў. І гэта адбылося не зараз, а ішло паступова.
— Гэта разбуралася па меры таго, як яны фокуснічалі яшчэ да ўкраінскай вайны. Але гэта ўсё былі Сірыя, Чачэнія, быў вельмі вялікі сантымент у Еўропе. Дзе тая Сірыя і Чачэнія? Ну, паабураліся, і ўсё. Грузія таксама далекавата і малая краіна. Паабураліся і хопіць. Тальявіні [швейцарскі дыпламат. — Eўрарадыё] нават сказаў, што абодва бакі вінаватыя. І вось гэтае крывадушша вельмі дорага каштавала. А расейцы пераконваліся, што яны беспакараныя, што яны вялікія. А вялікаму пераможцу дазволена ўсё.
Калі кажу пра іх так жорстка, цалкам усведамляю, што яны самі сабе вінаваты. Яны самі сабе ўсё зрабілі. Пры дапамозе вось гэтага апарату прапаганды яны ператварыліся ў Руанду. І займаюцца тым самым, што руандыйцы займаюцца.
І павагі ім цяпер не чакаць. Немцы ж не абураюцца, што іх усе ненавідзелі пасля вайны. Ім давялося прайсці вельмі цяжкую дарогу. Давядзецца і рускім. Але нашмат даўжэйшую.
Таму што гісторыя расійскіх злачынстваў, яна не тычыцца 12 гадоў як у немцаў Трэцяга Рэйха. Гэта тысячагадовая гісторыя знішчэння і каланіяльнай палітыкі ў самай жорсткай форме. У тым ліку са спальваннямі і расстрэламі карэнных народаў Расіі. І суседніх народаў. Калі, канешне, Расія захаваецца ў якасці адзінага арганізму, што таксама стаіць яшчэ пад вялікім пытаннем.
Пра добрых рускіх і што іх чакае
Але пісьменніца кажа, што добрыя рускія ўсё ж такі ёсць.
— І іх нават нямала. Іх мала ў параўнанні з тым, як многа іх — 140 з капейкамі мільёнаў. Але мы памятаем, колькі там людзей сядзіць у турмах. Гэта тысячы і тысячы людзей. Колькі забітых. Ёсць харошыя рускія, і ім вельмі цяжка. Цяжэй, чым каму.
Бо яны прадстаўнікі традыцыі гвалту і віны. Ім цяжэй за ўсіх сапраўды. Нават цяжэй за ўкраінцаў, таму што ў іх няма надзеі, што іх нацыя атрымае дараванне. Іх нацыя ніякага даравання ў свеце не атрымае. Рэнамэ сваё не ўздыме. І рускіх доўга будуць гнаць адусюль.
Асабліва дорага ім будзе каштаваць вось гэты масаваны ўдар па інфраструктуры. Бо гэта ж ХАМАС. Гэта ж IДІЛ. Гэта тэрарызм чыстай вады, падтрыманы большасцю грамадства. І які публічна пацвердзіў іх кіраўнік. Не магу назваць яго прэзідэнтам.
Калі паказаць твар кожнага чалавека, то высветліцца, што Пуцін ваюе з мірнымі. З войскам яны ваяваць не ўмеюць. Яны ўмеюць толькі забіваць са звязанымі рукамі. Гэта іх традыцыя. Усе гавораць — народ пераможцаў у Другой сусветнай вайне. Няма большага міфа.
Яны слабыя змагары, але вельмі добрыя каты. А перамаглі таму, што ленд-ліз ішоў і ваявалі 15 нацый на баку Савецкага Саюза. А яны сабе ўсё ўзялі і вырашылі, што яны нейкі асаблівы народ ваяроў. Усе мы бачым гэтых ваяроў цяпер.
Чаму рускія ідуць на вайну і хто давёў іх да скоцкага стану
Трагедыя такая, не магу глядзець. Яны ж [улады Расіі] давялі іх да скоцкага стану, абсалютнага духоўнага збяднення і матэрыяльнага. А потым зрабілі ім толькі адзін выхад, толькі адзін сацыяльны ліфт — паехаць на вайну ва Украіну.
Гэта, па-першае, можа быць адзінае падарожжа ў жыцці гэтых людзей. Па-другое, магчымасць парабаваць. Яны гэтага і не хаваюць. Па-трэцяе, сафары.
Яны могуць каналізаваць сваю лютую злобу і прычым зрабіць гэта легальным спосабам. Стаць героем. Яны ж едуць нацыстаў забіваць. А нацыст — кожны, каго яны сустрэнуць. Яны дзяцей расстрэльвалі прамой наводкай з танкаў і смяяліся. Там такія выпадкі задакументаваны, што папросту скура шэрхне.
А калі паглядзець, як яны размаўляюць з уласнымі жонкамі, маткамі, з дзецьмі, там жа мат на маце стаіць і матам паганяе. Як запікаць гэтае ўсё, то там будзе толькі мычанне. Больш нічога.
Калі пойдзеш на гэтую вайну, абавязкова замажашся. Яны паўтараюць, як зомбі, “Родину защищать”. Якую “Родину защищать” на чужых землях? За некалькі месяцаў у Данецку больш за тысячу забітых.
Поўная адсутнасць рэфлексіі і здольнасці зірнуць на сябе саміх. Вялікі прапагандысцкі блок пастаўлены. Іх перапрашылі, як камп’ютары. І страшна, што гэта можна зрабіць з жывымі людзьмі.
Гутарку цалкам глядзіце ніжэй
Слухайце кнiгу Евы Вежнавец "Па што ідзеш, воўча?"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.