Ці сапраўды ў Беларусі амаль не засталося дзіцячых дамоў, як кажа Лукашэнка
24 снежня Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў Беларусі амаль не засталося дзіцячых дамоў. Ён расказваў галоўрэду радыёстанцыі “Эхо Москвы” Аляксею Венядзіктаву пра забойства школьнага псіхолага, якая спрабавала забраць двух дзетак ад маці. Кіраўнік Беларусі назваў яе “асацыяльным элементам”. Дзетак чакаў інтэрнат, якіх, па словах Лукашэнкі, у Беларусі “амаль не засталося”:
“[Псіхолаг] абараніла і запатрабавала адабраць іх з сям’і, каб перадаць у іншую сям’ю ці дзіцячы дом. У нас дзіцячых дамоў амаль не засталося, мы ў сем’і размяркоўваем дзяцей. Мы заахвочваем гэта”, — сказаў Лукашэнка.
“Амаль не засталося” — колькі гэта? Адзін, пяць, дзесяць? У пяць разоў менш, чым пяць гадоў таму?
Згодна з апошняй статыстыкай, у Беларусі працуе... 15 дзіцячых дамоў. Пяць гадоў таму іх было 21. Колькасць дзетак, якіх гадавалі ў дзіцячых дамах, скарацілася за пяць гадоў з 1268 да 744.
У Міністэрстве адукацыі за пункт адліку бяруць 2011 год, калі ў Беларусі было 29 дзіцячых дамоў.
“З 2011 года ідзе безумоўнае скарачэнне інтэрнатных устаноў, — расказваюць Еўрарадыё ў Міністэрстве адукацыі. — Прымаюцца меры па захаванні роднай сям’і, гэта адзін з кірункаў. І другі — сямейнае ўладкаванне дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. У нас ёсць сетка прыёмных сем’яў, апякунскіх і сетка дзіцячых дамоў сямейнага тыпу”.
У Мінадукацыі дадалі, што з 1 студзеня закрыецца яшчэ адзін дзіцячы дом — у Ждановічах пад Мінскам. Такім чынам, за 9 гадоў скарачэнне — амаль удвая. Але гэта не тое, каб “амаль не засталося”.
Да таго ж ёсць іншыя тыпы ўстаноў для сірот. Пяціхвілінка статыстыкі:
— дамы дзіцяці (установы для дзетак да трох гадоў) — іх 9. Пяць гадоў таму было 11. Колькасць дзетак там скарацілася з 716 да 583;
— дамы-інтэрнаты для дзяцей-інвалідаў — іх таксама 9. Пяць гадоў таму было 10. Колькасць дзетак там скарацілася з 812 да 593.
— дамы-інтэрнаты для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — 3. Пяць гадоў таму было 9. Колькасць дзетак там скарацілася з 715 да 205;
— спецыяльныя агульнаадукацыйныя і дапаможныя інтэрнаты — 39. Пяць гадоў таму было 43. Колькасць дзетак там скарацілася з 4420 да 3569;
— дзіцячыя вёскі (гарадкі) — іх 6. За пяць гадоў колькасць не змянілася. Колькасць дзетак там скарацілася з 531 да 416;
— дзіцячыя сацыяльныя прытулкі — 103. Пяць гадоў таму было 121. Колькасць дзетак там скарацілася з 1173 да 948.
За выключэннем апошніх, дзе дзеткі ад 3 да 18 гадоў могуць пражыць не больш за 6 месяцаў, мы налічылі ў Беларусі 81 дзіцячую інтэрнатную ўстанову, у тым ліку 15 дзіцячых дамоў. “Амаль не засталося”? Ну-ну. Пяць гадоў таму іх было 100. Вялікага — у разы — скарачэння не назіраецца.
Што да згаданых Лукашэнкам сем’яў, у якія беларускіх сірот аддаюць замест дзіцячых дамоў. Сёння ў Беларусі працуе 275 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. За пяць гадоў іх стала больш на 71, а колькасць дзетак, якія там гадуюцца, вырасла з 1445 да 1854. Тут ёсць рост, але таксама не выбуховы. Поспехі Беларусі ў змаганні з сіроцтвам — крыху больш сціплыя за тое, як гэта прадставіў кіраўнік дзяржавы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.