“Фантастычныя плыўцы” запісалі трыб’ют Pink Floyd (слухаць)
Мінская авант-джазавая брыгада “Фантастычныя плыўцы” прадстаўляе на Еўрарадыё трыб’ют-версію песні Pink Floyd “Interstellar Overdrive”.
З’яўленнем трыб’юта музыкі на чале з мінскім авангардыстам Віктарам Сямашкам абавязаныя балгарскаму лэйблу "Mahorka". Адміністратар лэйбла Іва Пятроў прапанаваў “Плыўцам” паўдзельнічаць у другой частцы калектыўнага прысвячэння гуту Pink Floyd “One of these tributes”. Тыя, хоць ніколі раней не займаліся кавер-версіямі, абралі для апрацоўкі інструментальную рэч з дэбютнага лонгплэя Pink Floyd “Interstellar Overdrive” (1967). Падчас студыйнай сесіі музыкі запісалі некалькі версіяў кампазіцыі, якія атрымаліся настолькі рознымі, што было вырашана аб’яднаць іх у адзін рэліз і апублікаваць асобна.
“Першая версія атрымалася яшчэ больш-менш блізкай да арыгіналу. А вось з кожнай наступнай спробай “Interstellar Overdrive” станавіўся ўсё больш супрэматычным, распадаўся на асобныя элементы, якія паасобку таксама ўсяляк трансфармаваліся. Таму ў пятай версіі пінкфлойдаўскі матыў ужо ледзь заўважны, але ён усё адно маецца на ўвазе”, — распавядае клавішнік калектыву “Фантастычныя плыўцы” Віктар Сямашка.
У запісе трыб’юта таксама паўдзельнічалі музыкі, вядомыя па розных праектах, у тым ліку, Фрыдрых Самотны (саксафон) і Эрык Арлоў-Шымкус (кантрабас). Дадаткам да альбома паслужыў кавер на яшчэ адну кампазіцыю Pink Floyd з альбома “Ummagumma” (1969). А вокладкай для гэтага рэліза стаў малюнак ураджэнкі Беластока Аляксандры Грыгаровіч-Экстэр — эскіз строя для першага савецкага фантастычнага фільма “Аэліта” (1924).
Паводле прэс-рэлізу