Фіналісты Еўрафэсту: чаму пра нас мала гавораць і пішуць?

Пакуль што зоркі занятыя актыўнай падрыхтоўкай да фіналу беларускага Еўрафэсту. Цэйтнот, рэпетыцыі і перапрацоўка нумароў прымушаюць музыкаў аддаваць мабільныя тэлефоны прадусарам і дырэктарам, якія адказваюць на пытанні за сваіх падапечных. Дырэктарка Гюнэш Вольга Зінавая адразу запэўніла, што карэнных зменаў у нумары артысткі не адбудзецца:

— Па вялікім рахунку, нічога не зменіцца. Адно што мы будзем шліфаваць тое, што нам было не спадабалася падчас паўфіналу.

Дырэктара гурта „LiteSound” Юрыя Каракіна мы вырашылі справакаваць пытаннем, ці не шкадуе ён, што ягоных падапечных “абцяжарыла” Дакота:

— На нашую думку і на думку спецыялістаў, галасы саліста Litesound і Дакоты ідэальна спалучаюцца і вельмі пасуюць адзін да аднаго па тэмбры і па дыяпазоне… Натуральна, нумар стаў мацнейшым. Проста па-іншаму ён і гучаць не мог!

На просьбу Еўрарадыё спадар Юры прааналізаваў, як беларускія СМІ мянялі сваё стаўленне да Еўрабачання з моманту ўдзелу Беларусі ў еўрапейскім спаборніцтвы:

— Сёлета мы назіраем неверагодна слабое асвятленне ў прэсе такога важнага для прэстыжу краіны мерапрыемства. Актыўнае абмеркаванне Еўрафэсту адбываецца ў інтэрнэце, а газеты чамусьці замоўчваюць гэтую тэму.

Прадусарцы Пятра Ялфімава Таццяне Касмачовай мы задалі два рытарычныя пытанні: “Хто вінаваты ў тым, што мы не перамагаем?” і “Што нам рабіць?”. Прадусарка не разгубілася:

— Беларусь вельмі маладая краіна-ўдзельніца і, магчыма, проста пакуль не зарэкамендавала сябе.

Потым чамусьці нашая суразмоўца спрабавала правесці нейкія паралелі нашых выступоўцаў з Алай Пугачовай ды Філіпам Кіркоравым, але засталося не да канца зразумелым, што мелася на ўвазе. Шанцы на перамогу Таццяна Касмачова акрэсліла так:

— Я думаю, гэта справа бліжэйшай будучыні.

На пытанне, ці не будзе Беларусь чырванець за сваіх, Таццяна Касмачова не рызыкнула адказаць за ўсіх. За сябе і Пятра Ялфімава яна спакойная:

— Калі мы паедзем на Еўрабачанне, то Беларусі сорамна не будзе.

Упэўнена адчуваць сябе нармальным артыстам Пятру Ялфімаву даюць заняткі для мазгоў: ён вучыцца і выкладае ў інстытуце. І для мускулаў — з першымі пеўнямі Пётр бярэ ў рукі эспандэр ці сядае за велатрэнажор:

— У штотыднёвы “рацыён” Пятра ўключаная спартовая зала з паловы на восьмую раніцы, абавязковыя прабежкі тры разы на дзень плюс лазня кожную суботу.

Цікава, што амаль усе прадусары закранаюць тэму псіхічнага здароўя выканаўцаў, якое лёгка падаецца дэфармацыі з-за неканструктыўнай крытыкі альбо банальнай адсутнасці ўвагі з боку айчынных СМІ. Але хто ведае, можа гэта таму, што СМІ таксама берагуць нервы гледачоў, слухачоў ды чытачоў.


Фота — festival.vitebsk.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі