ФК "Крумкачы" прадае стылёвыя абанементы на сезон-2017
Футбольны клуб "Крумкачы" пачаў продаж абанементаў на свае хатнія матчы ў Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі 2017 года.
У гэтым сезоне білетным аператарам клуба будзе партал bycard.by.
Аабанементы аформленыя стылёва і зробленыя ў трох колеравых гамах — белы ALBUS (белы крумкач) чырвоны VARIUS (пярэсты крумкач) чорны CORAX (чорны крумкач). Яны паміж сабой адрозніваюцца напаўненнем.
Кожны абанемент зроблены ў выглядзе карткі з арыгінальным дызайнам і будзе выдавацца ў прыгожай скрынцы. У ёй таксама будуць ляжаць каляндар гульняў на сезон, налепкі ды іншыя прыемныя сюрпрызы.
Кошт квіткоў на 15 хатніх матчаў пачынаецца ад 36 рублёў. Для браніравання месцы неабходна будзе заплаціць адразу толькі 30% ад кошту, а розніцу можна будзе даплаціць пры атрыманні.
Для некаторых катэгорыяў прадугледжаныя зніжкі: для студэнтаў — 25%, для школьнікаў — 50%. Ёсць таксама сямейны і карпаратыўны пакеты.