Фрыдман:Rappler, заснаваны набеліянткай Рэса, ставіў пратэсты Беларусі ў прыклад
Выявілася, што не толькі Дзмітрый Муратаў падтрымаў беларускія пратэсты, але і яго "калега" па сёлетняй Нобелеўскай прэміі міру Марыя Рэса. Пра гэта піша ў сваім тэлеграм-канале гісторык Аляксандр Фрыдман.
Рэса — філіпінская журналістка, адна з заснавальніц выдання Rappler. Гэта партал навінаў, які з'явіўся 10 гадоў таму ў Маніле. Яго пераследуе рэжым аўтарытарнага прэзідэнта Радрыга Дутэртэ.
"Са жніўня 2020 Rappler рэгулярна публікуе матэрыялы пра сітуацыю ў Беларусі (галоўным чынам паведамленні Reuters і іншых заходніх агенцтваў) і надае асаблівую ўвагу становішчу СМІ ў Беларусі.
Журналісты Rappler з натхненнем і сімпатыяй сустрэлі пратэсты ў Беларусі: у жніўні 2020 партал адзначаў, што філіпінцам варта павучыцца ў беларусаў метадам і стратэгіям барацьбы з дыктатурай", — піша Фрыдман.
Гісторык зазначае, што і Rappler Марыі Рэса, і "Новая газета" Дзмітрыя Муратава — сябры свабоднай Беларусі і праціўнікі дыктатуры.
Марыя Рэса і Дзмітрый Муратаў сталі лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі міру 2021 года. Як распавядала Еўрарадыё, у верасні 2020-га Муратаў падпісаў ліст у падтрымку беларускіх пратэстаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.